Гэтак лічыць новы эўракамісар у справе палітыкі суседзтва і пашырэньня ЭЗ, аўстрыец Ёханэс Хан.
У інтэрвію супрацоўніку Радыё Свабода Рыкарду Юзьвяку ён распавёў пра свае пляны адносна наведваньня Ўкраіны, будучай інвэстыцыйнай канфэрэнцыі для яе падтрымкі, падзяліўся сваім бачаньнем пэрспэктыў ўкраінска-эўрапейскіх адносін у 2020 годзе, а таксама закрануў тэму Беларусі.
Свабода: Як Вы ацэньваеце апошнія падзеі ў зоне канфлікту на ўсходзе Ўкраіны? Якой павінна быць рэакцыя Эўразьвязу, не прыйшоў час для дадатковых санкцый?
Ёханэс Хан: Падзеі і сыгналы, якія паступаюць з усходу Украіны, вельмі кепскія. Бо мы ўжо сталі на шлях, які мог разглядацца, як пазытыўнае разьвіцьцё. Гаворка ідзе пра менскія дамоўленасьці. Павінен адзначыць, што, безумоўна, рэжым спыненьня агню меў месца і мы ўжо пачыналі разважаць адносна накладзеных санкцыяў. Аднак, пасьля гэтых далейшых парушэньняў (дамоўленасьцей) выразна бачым, што аб памяншэньні санкцый гаворкі быць ня можа. Магчыма, зьявяцца прапановы іх узмацненьня. Вядома, гэта ня тое, да чаго мы імкнемся. Мы хочам ўрэгуляваньня гэтай праблемы. Я прытрымліваюся думкі, што кожны палітык — у Расеі, Украіне ці ЭЗ — павінна служыць свайму народу. Затое тое, што зараз адбываецца, у гуманітарным і эканамічным сэнсе — гэта вельмі разбуральная палітыка з далёка ідучымі наступствамі.
Свабода: Ці Вы плянуеце ў бліжэйшы час наведаць Украіну?
Ёханэс Хан: Так, несумненна, гэта адбудзецца яшчэ да Калядных сьвятаў.
Свабода: На працягу гэтага візыту Вы плянуеце пабываць толькі ў Кіеве або наведаеце і ўсход Украіны?
Ёханэс Хан: Паглядзім, як правіла, я не магу абысьці маіх ранейшых абавязкаў эўракамісара па рэгіянальнай палітыцы. Таму, я б хацеў пабываць у рэгіёнах. Безумоўна, Украіна — гэта велізарная краіна, таму хацелася б наведаць ня толькі сталіцу.
Свабода: ЭЗ плянуе правесьці вялікую донарскую канфэрэнцыю для падтрымкі Ўкраіны. Можаце даць больш інфармацыі з гэтай нагоды, дату яе правядзеньня, магчымыя сумы?
Ёханэс Хан: Першыя перамовы з гэтай нагоды ў мяне ўжо адбыліся зь віцэ-прэм’ерам Гройсманам, міністрам замежных спраў Клімкіным, а таксама з амбасадарам Украіны пры ЭЗ. Мы сышліся ў меркаваньні, што для пачатку варта распрацаваць выразную стратэгію, якую Ўкраіна прадставіла б сама. У ёй павінна быць адлюстравана тое, як сама дзяржава павінна разьвівацца ў сярэдняй і доўгатэрміновай пэрспэктыве. А дату канфэрэнцыі мы б вызначылі пасьля гэтых першых прыкмет. Дарэчы, я б казаў не пра «донарскую», а пра інвэстыцыйную канфэрэнцыі. Гаворка ідзе ня толькі аб фінансах, але і аб стварэньні лепшых умоў жыцьця, росквіту краіны.
Свабода: Варта чакаць гэтай інвэстыцыйнай канфэрэнцыі да калядных сьвятаў або пасьля?
Ёханэс Хан: Не, безумоўна, пасьля, але мы не зацікаўленыя яе адкладаць. Зрэшты, патрэбна выразная стратэгія, куды гэтыя інвэстыцыі будуць укладвацца.
Свабода: Расея патрабуе ўнясеньня паправак у пагадненьне аб асацыяцыі ЭЗ-Украіна. Як Вы будзеце адказваць на гэтыя патрабаваньні?
Ёханэс Хан: Гэта пагадненьне паміж Украінай і ЭЗ, без прыцягненьня трэцяга боку. Усё ўжо прынятае, украінскі парлямэнт, Эўрапарлямэнт, Эўрапейская рада — усе ўжо дамовіліся па паглыбленай і ўсёабдымнай зоне свабоднага гандлю. Цяпер павінна пачацца імплемэнтацыя пагадненьня. ЭЗ падрыхтаваў грошы, з дапамогай якіх будзе суправаджаць падрыхтоўку Ўкраіны да ўступленьня ў яе сілу. Падрыхтовак, напрыклад, патрэбуе ўкраінскі бізнэс-сектар, і гэта мы маем намер пачаць рабіць у наступным годзе.
Свабода: Калі ў 2019 Ваш мандат эўракамісара па палітыцы суседзтва і перамоў па пашырэньні завершыцца, якія адносіны ў той час Вы б хацелі бачыць паміж ЭЗ і Ўкраінай?
Ёханэс Хан: Паглыбленыя, стабільныя адносіны. Я асабіста шчыра вітаю і цаню заявы прэзыдэнта Парашэнкі, пра тое, што ён хоча рухаць сваю дзяржаву бліжэй да ЭЗ. Ён адначасова цалкам ўсьведамляе, што да моманту адпраўкі заяўкі на сяброўства ў Эўразьвязе, дзяржава павінна выканаць хатняе заданьне — рэформы, а Парашэнка вызначыў 50-60 неабходных рэформаў. Гэта вельмі ўзважаны падыход, які мы будзем усяляк падтрымліваць. 2020 год прэзыдэнт Парашэнка абраў годам падачы заяўкі на ўступленьне Ўкраіны ў ЭЗ. Але да гэтага трэба зрабіць яшчэ шмат працы...
Свабода: Вы казалі, што хочаце крытычнага ўзаемадзеяньня зь Беларусьсю. Што гэта азначае, і ці гатовыя вы туды паехаць?
Ёханэс Хан: Пакуль што я гэтага не прадбачваю. Але мы адзначаем з прыхільнасьцю некаторыя рухі і заявы беларускіх палітыкаў, пачынаючы зь беларускага прэзыдэнта. Мы будзем глядзець, наколькі ўстойлівы гэты працэс. Мы разумеем, што Беларусь хацела б заняць месца недзе пасярэдзіне. Мы ў прынцыпе адкрытыя да таго, каб пашыраць кантакты, але Беларусь павінна паважаць эўрапейскія каштоўнасьці і ўсё, зьвязанае з гэтым".
_____________________________________
Ёганэс Хан заступіў на месца камісара ў пытаньнях пашырэньня і палітыкі добрасуседзтва 1 лістапада, увайшоўшы ў склад новай Эўрапейскай камісіі пад кіраўніцтвам Жак-Клёда Юнкера. Ёганэс Хан замяніў камісара Штэфана Фюле, мандат якога скончыўся 31 кастрычніка.
Радыё Свабода, 13 лістапада 2014
Радыё Свабода, 13 лістапада 2014