Надзея Ермакова адзначыла, што Казахстан, які нароўні з Беларуссю з`яўляецца членам Еўразійскага эканамічнага саюза, не плануе аслабляць курс нацыянальнай валюты ўслед за расійскім рублём. "А чаму мы павінны бегчы за расійскім рублём? А раптам ён як золата потым паднімецца?" — падкрэсліла кіраўнік Нацбанка.
Паводле яе меркавання, шмат спекуляцый робіцца вакол тэмы дэвальвацыі расійскага рубля. "Заўтра ён скокне ўгару, дык што мы будзем услед за ім бегчы?" — задала рытарычнае пытанне Ермакова.
Старшыня праўлення Нацбанка мяркуе, што беларускім экспарцёрам не трэба спадзявацца на аслабленне курсу нацыянальнай валюты, а павышаць канкурэнтаздольнасць сваёй прадукцыі за кошт скарачэння затрат і памяншэнне сабекошту.
"З іншага боку, неабходна працаваць з расійскімі пакупнікамі. Акрамя дэвальвацыі ў Расіі назіраецца інфляцыя", — звярнула ўвагу Надзея Ермакова.
Адказваючы на пытанні журналістаў, кіраўнік Нацбанка не пагадзілася з меркаваннем аб тым, што курс беларускага рубля сёння пераацэнены.
"Сказаць, што сёння курс нашага рубля нерэальны, нельга. Мы будзем праводзіць палітыку павольнай дэвальвацыі рубля", — адзначыла Надзея Ермакова.
Пры гэтым яна дадала, што неабходна захоўваць прывабнасць укладаў у нацыянальнай валюце. "Гэта вельмі важна", — рэзюмавала Надзея Ермакова.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 18 кастрычніка 2014
Мінск, 18 кастрычніка 2014