"Мы лічым важным, каб нашы еўрапейскія партнёры не ставілі пытанне рубам: вы або ўдзельнічаеце ў гэтым інтэграцыйным працэсе ў будучым Еўразійскім эканамічным саюзе або ж вы адмаўляецеся ад яго і ўдзельнічаеце ў нашых інтэграцыйных працэсах, еўрапейскіх", - сказаў Уладзімір Макей.
На яго думку, не павінна быць вашых і нашых. "Мы жывём на адзінай прасторы, і наша задача - зрабіць так, каб мы супрацоўнічалі адзін з адным, а не праводзілі раздзяляльныя лініі, - падкрэсліў беларускі міністр. - Важна, каб у будучым на постсавецкай прасторы развіваліся інтэграцыйныя працэсы, а ў яшчэ больш далёкім будучым мы пастараліся б зблізіць гэтыя два саюзы, якія існуюць на нашай агульнай еўразійскай эканамічнай прасторы".
Уладзімір Макей сказаў, што ў яго абсалютна аптымістычнае бачанне перспектыў Еўразійскага эканамічнага саюза. "Мы зыходзім з таго, што падпісанне дагавора аб стварэнні ЕАЭС - гэта крок у развіцці інтэграцыйных працэсаў на постсавецкай прасторы, - сказаў кіраўнік беларускага МЗС. - Мы разглядаем гэта як важнае мерапрыемства па ўмацаванні інтэграцыйных працэсаў. Іншая справа, што кожны з удзельнікаў гэтага працэсу можа быць не зусім задаволены канчатковымі вынікамі на гэтым этапе".
Уладзімір Макей таксама падкрэсліў: "Мы лічым, што гэты дагавор па змесце і форме не зусім адпавядае тым мэтам, якія былі раней прадэклараваны. Але ў любым выпадку гэта вельмі пазітыўны крок па далейшым умацаванні супрацоўніцтва паміж трыма дзяржавамі".
Пры гэтым міністр адзначыў, што ўсё, што не ўдалося вырашыць у трохбаковым фармаце, абсалютна спакойна і нармальна вырашылі ў двухбаковым. "Гэта значыць, што інтэграцыйны працэс рухаецца наперад. І мы вельмі шмат гаварылі аб гэтым на сустрэчы з Сяргеем Лаўровым", - сказаў Уладзімір Макей.
16 чэрвеня 2014, Мінск
Аліна Грышкевіч - БЕЛТА