Паводле інфармацыі прэс-службы ўрада, прэм`ер пабываў на Арэхаўскім ільнозаводзе і Аршанскім ільнокамбінаце, дзе азнаёміўся з мадэрнізацыяй вытворчасцяў. Наведаў будпляцоўку новай вытворчасці льнозавода, паразмаўляў са спецыялістамі. На Аршанскім ільнокамбінаце Міхаіл Мясніковіч прайшоўся па мадэрнізаваных цэхах, пабываў на вытворчасці, якую яшчэ трэба рэканструяваць. На камбінаце прайшла рабочая нарада па пытаннях развіцця льнаводчай галіны і ўсёй лёгкай прамысловасці.
На думку прэм`ер-міністра, дабіцца істотнага эканамічнага эфекту можна толькі пры ўмове комплекснай мадэрнізацыі галіны па ўсіх тэхнічных і тэхналагічных лініях.
"Галіну трэба мадэрнізаваць комплексна, па ўсіх тэхнічных і тэхналагічных перапрацоўках. Калі гаварыць пра недахопы мінулых гадоў, то вырашаліся важныя пытанні, але не па поўным тэхналагічным цыкле. Гэта стрымлівала або тармазіла астатнія ўчасткі. І ў выніку мы не мелі таго сацыяльна-эканамічнага эфекту, на які разлічвалі, — сказаў прэм`ер-міністр. — Цяпер урад, выконваючы даручэнне прэзідэнта, выбудоўвае работу так, каб усе тэхналагічныя ланцужкі былі завершанымі".
Міхаіл Мясніковіч таксама адзначыў, што ў пытаннях мадэрнізацыі прыярытэтным з`яўляецца якасць. "Канешне, трэба спяшацца. Неабходна ўшчыльняць тэрміны, але гэта не павінна быць ва ўрон якасці. Часам ставіцца задача зрабіць за два гады, потым гэта ўсё не атрымліваецца — перарабляем, губляем час, людзі цярпяць, лёсы ломяцца. А наогул, да таго дырэктарскага корпусу, які бярэ на сябе груз мадэрнізацыі, трэба ставіцца паважліва. Гэтыя людзі не супакойваюцца на тым, што сёння ёсць, і не спасылаюцца на аб`ектыўныя прычыны, а ідуць на сур`ёзную мадэрнізацыю, і ім усяляк трэба аказваць падтрымку і маральную, і матэрыяльную для таго, каб атрымаць новую якасць прадпрыемстваў", — падкрэсліў прэм`ер-міністр і дадаў, што "цяпер у працэс мадэрнізацыі ўцягнута практычна ўся краіна".
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 15 сакавіка 2014