Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта пасяджэнне першапачаткова планавалася правесці ў сярэдзіне сакавіка. "Але эксперты пасля работы ў Астане нас падштурхнулі да таго, каб мы вырашылі шэраг пытанняў на нашым узроўні, каб даць ім магчымасць працаваць больш актыўна. У адваротным выпадку, як яны сказалі, можа не паспець да сярэдзіны бягучага года стварыць гэты моцны прававы механізм нашага эканамічнага саюза", - адзначыў беларускі лідар.
Паводле слоў кіраўніка беларускай дзяржавы, у падрыхтоўцы дакумента ўдалося рушыць наперад, але асобныя яго аспекты ўсё ж патрабуюць вырашэння на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. "Спадзяюся, што ў ходзе сённяшняй сустрэчы нам удасца знайсці ўзаемапрымальныя рашэнні, каб падпісаць дагавор ва ўзгодненыя тэрміны", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі таксама адзначыў, што пры стварэнні Еўразійскага эканамічнага саюза нельга паўтарыць сумны вопыт фарміравання адносін ў СНД. "Мы вельмі шмат гаварылі аб СНД. Людзі чакалі ад нас крокаў па фарміраванні ў рамках СНД нармальных адносін і саюза - не атрымалася. І ў людзей вельмі вялікая насцярожанасць, каб гэтага не адбылося і з нашым Мытным саюзам, і Адзінай эканамічнай прасторай, - заўважыў беларускі лідар. - Таму ў нас проста няма выбару. Мы павінны ў заяўленыя тэрміны падрыхтаваць і падпісаць дагавор. У адваротным выпадку нас людзі не зразумеюць".
Аляксандр Лукашэнка таксама дадаў, што падзеі ў свеце падштурхоўваюць бакі да таго, каб больш паскорана ісці па шляху еўразійскай эканамічнай інтэграцыі. "Нам, напэўна, менш трэба паглядаць убок, а займацца сваімі справамі, сваімі дзяржавамі. Тады нас будуць і паважаць, і цаніць", - упэўнены Прэзідэнт Беларусі.
У сваю чаргу Прэзідэнт Казахстана Нурсултан Назарбаеў заклікаў адкінуць рознагалоссі і стварыць эканамічны саюз. "Усё астатняе мы потым створым. Не трэба нанізваць пытанні, якія выклікаюць нейкія непаразуменні ўнутры нашых краін. Давайце вырашаць эканамічныя пытанні, а да рознагалоссяў падыходзіць паступова і здымаць іх", - сказаў казахстанскі лідар.
Нурсултан Назарбаеў прапанаваў у красавіку бягучага года правесці яшчэ адно пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета за месяц да прыняцця дакумента, каб узгадніць пазіцыі.
"Безумоўнай з`яўляецца наша дамоўленасць аб тым, што мы не можам прымаць ніякіх рашэнняў, акрамя як кансэнсусам. Таму, каб не стаяць на месцы, нам лепш, як прапанавалі калегі, выходзіць на гэтыя кансэнсусныя рашэнні і рухацца наперад, чым стаяць і чакаць, пакуль мы ўсё даўзгаднім", - пагадзіўся Прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін.
Старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Віктар Хрысценка, які таксама прысутнічаў на пасяджэнні, расказаў, што работа па падрыхтоўцы дагавора актыўна вядзецца на розных узроўнях. "У нас ёсць усе шанцы і ўсе магчымасці, каб, як і было даручана, у маі падпісаць дагавор аб Еўразійскім эканамічным саюзе. Лічу, што мы ў красавіку прапануем вам "развілкі" па складаных пытаннях, над якімі трэба паставіць кропку", - адзначыў старшыня калегіі ЕЭК.
5 сакавіка 2014, Масква
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА