https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь і Украіна распрацавалі дарожную карту па стварэнні сумесных вытворчасцяў сельгастэхнікі


Пра гэта паведамляе прэс-служба беларускага ўрада.
Беларусь і Украіна распрацавалі дарожную карту па стварэнні сумесных вытворчасцяў сельскагаспадарчай тэхнікі. Як паведамляе прэс-служба беларускага ўрада, размова аб гэтым ішла 7 жніўня ў Гомелі на сустрэчы дэлегацый дзвюх краін пад кіраўніцтвам першага намесніка прэм`ер-міністра Беларусі Уладзіміра Сямашкі і першага віцэ-прэм`ер-міністра Украіны Сяргея Арбузава, сустаршыняў Міжурадавай беларуска-ўкраінскай змяшанай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

Як адзначыў Сямашка, дарожная карта ў дастатковай меры ўлічвае інтарэсы абодвух бакоў. "Украіна наважана амаль падвоіць вытворчасць зерня і тым самым нарасціць свой экспарт. Мы ж, у меру сваіх магчымасцяў, гатовы дапамагчы ёй перааснасціць машынна-трактарны парк", — патлумачыў ён. Размова ідзе аб стварэнні вытворчасцяў беларускіх камбайнаў, трактароў, плугоў, іншых сельскагаспадарчых агрэгатаў. Пры гэтым лакалізацыя вытворчасцяў павінна быць дастаткова глыбокай.

На пасяджэнні абмяркоўваліся таксама магчымыя фінансавыя інструменты, прымяненне якіх дазволіла б паскорыць працэсы вытворчай кааперацыі. У прыватнасці, Беларусь у рабоце на ўкраінскім рынку ўжо выкарыстоўвае пэўныя схемы, якія прадугледжваюць прэферэнцыі пакупнікам тэхнікі. "З боку Украіны таксама павінна быць падтрымка сваіх вытворцаў, ільготныя крэдыты фермерам для закупак гэтай тэхнікі. І абодва бакі разумеюць, што яны павінны зрабіць", — падкрэсліў Сямашка.

Дасягнута дамоўленасць правесці праз два тыдні сустрэчу кіраўнікоў беларускіх прадпрыемстваў з прадстаўнікамі банкаўскага сектара Украіны, каб удакладніць узаемныя пазіцыі. Калі спатрэбіцца, то ў канцы верасня будзе распрацаванае міжурадавае пагадненне з дакладнымі гарантыямі як для вытворцаў, так і пакупнікоў. "Думаю, гэтая дарожная карта спрацуе. Больш за тое, калі мы глядзім на статыстыку паставак тэхнікі ва Украіну, то аказваецца, нягледзячы на ўсе размовы аб рэцэсіі, яна вырасла на 18%. Значыць, нейкія распрацаваныя раней меры ўжо даюць вынік. Упэўнены, што далей рост ужо будзе ў разы", — дадаў Сямашка.

Закраналася таксама пытанне аб супрацоўніцтве ў энергетычнай сферы. Беларусь купляе ўкраінскую электраэнергію на працягу апошніх некалькіх гадоў. Ёсць тэхнічныя сродкі, магутнасці ліній электраперадачы, і пры пэўных эканамічных умовах гэта выгадна для краіны. "Мы сёння вызначыліся, што гатовы купіць каля 4 млрд. кВт/гадз. Гэта складае прыкладна 11-12% аб`ёму электраэнергіі, што спажываецца ўсімі сферамі народнай гаспадаркі, у тым ліку і на бытавыя патрэбы. Для нас гэта вельмі значная лічба. Таму будзем з задавальненнем купляць, аднак, паўтаруся, пры пэўных цэнавых умовах", — падкрэсліў Сямашка.

Вячаслаў Будкевіч, БелаПАН
Мінск, 8 жніўня 2013
 
Дата публикации:08.08.2013
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:1316
 
Ключевые слова:
Беларусь-Украина Сельхозтехника Совместные производства
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме