У тым ліку паступленні ад экспарту тавараў склалі 29,94 млрд. долараў і знізіліся на 20% (або 7,5 млрд. долараў) у параўнанні са студзенем—кастрычнікам 2012 года.
Валютныя паступленні ад экспарту паслуг склаліся ў студзені—кастрычніку на ўзроўні 5,5 млрд. долараў і павялічыліся на 18,2% (846,7 млн. долараў) у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам. Выручка ад унутранага гандлю за валюту склала 589,1 млн. долараў і павялічылася ў параўнанні са студзенем—кастрычнікам 2012 года на 8,3%.
Як паведамлялася раней, сёлета назіраецца значнае зніжэнне беларускага таварнага экспарту. Так, у студзені—верасні таварны экспарт Беларусі, згодна з папярэднімі данымі Белстата, склаў 28,56 млрд. долараў і скараціўся на 21,3% у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам.
Міністэрства эканомікі тлумачыць зніжэнне экспарту змяншэннем попыту на беларускую прадукцыю. "Цяжкасці з рэалізацыяй айчыннай прадукцыі ва ўмовах сціскання асноўных экспартных рынкаў, а таксама выцясненне беларускіх вытворцаў інвестыцыйных тавараў з традыцыйных рынкаў збыту прывялі да нізкіх сёлетніх экспартных паказчыкаў", — канстатавалі спецыялісты Мінэканомікі ў сваім нядаўнім аглядзе.
Варта зазначыць, што скарачэнне беларускага экспарту ў студзені—кастрычніку ў параўнанні з аналагічным леташнім перыядам абумоўлена таксама амаль поўным спыненнем паставак на знешнія рынкі растваральнікаў і змазачных матэрыялаў.
Як паведамлялася раней, у жніўні 2012 года Беларусь амаль поўнасцю спыніла экспарт растваральнікаў і змазачных матэрыялаў. На гэты крок кіраўніцтва краіны пайшло па патрабаванні Расіі, якая стала падазраваць, што Беларусь пад выглядам растваральнікаў і змазачных матэрыялаў пастаўляе на знешнія рынкі нафтапрадукты, што дазваляла рэспубліцы не пералічваць пошліны ў расійскі бюджэт.
Дзмітрый Заяц, БелаПАН
Мінск, 30 лістапада 2013