Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, калійны скандал быў арганізаваны для таго, каб схаваць уласныя праблемы на "Уралкаліі". "Як я, гэтак і вы ставіце ўсё часцей пытанне - навошта было быццам бы паспяховае прадпрыемства ("Уралкалій", ды і наша) уводзіць у стан крызісу? У іх жа саміх усё абвалілася, і каціроўкі акцый, і прыбытак. Напрошваецца вывад, што за знешняй паспяховасцю гаспадароў "Уралкалія" хаваліся вельмі сур`ёзныя праблемы. Мяркуючы па ўсім, да пэўнага часу іх удавалася ўтойваць за кошт падтасоўкі фінансавай справаздачнасці. А на самай справе яны ўсё больш залазілі ў даўгі, бралі крэдыты. Ды і на вытворчасці ва "Уралкалія" адны праблемы - затоплены руднікі, прасядае горад, даводзіцца перасяляць людзей", - адзначыў Прэзідэнт.
"Канцы з канцамі ў жулікаў яўна не сыходзіліся. Ёсць інфармацыя аб тым, што ў іх у мінусе 12 млрд., а ў плюсе ўсяго два. Калі гэта так, то атрымліваецца, што інфармацыя, якую яны па ўсім свеце распаўсюджвалі, ліпавая, "Уралкалій" - гэта публічная кампанія, якая каціруецца на Лонданскай і Маскоўскай біржах. А распаўсюджванне ліпавай справаздачнасці і інфармацыі такой кампаніяй - гэта ўжо міжнароднае махлярства", - адзначыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што па любых законах, беларускіх, расійскіх або заходніх, гэта крымінальнае злачынства. У якасці прыкладу ён прывёў грандыёзны скандал у ЗША з энергетычным гігантам "Энрон", дзе інвестары былі падмануты на каласальныя сумы. "Так і гаспадарам "Уралкалія" хаваць свае праблемы станавілася ўсё больш складана. І, здаецца, гэтыя біржавыя махінатары хацелі вырашыць іх за кошт "Беларуськалія". Прыхапіць беларускае прадпрыемства, павысіць капіталізацыю сваіх актываў і адразу вырашыць усе праблемы", - адзначыў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы пры гэтым нагадаў выпадак, калі беларускаму боку прапаноўвалі вялікі хабар за продаж "Беларуськалія" за паўцаны. "Мы вельмі жорстка зрабілі ў гэтай сітуацыі і ад гэтай практыкі адмовіліся. Тады ўзялі і абвалілі рынак. Мэта ўсё тая ж - паставіць "Беларуськалій" на калені", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі ўпэўнены, што скандал павінен быў паслужыць своеасаблівай дымавой заслонай. "Выйсця іншага не было. Таму што рана ці позна (я звярнуў вашу ўвагу на Лонданскую біржу) ад іх не толькі запатрабуюць справаздачу, але і правераць, што адбываецца на прадпрыемстве. А прадпрыемства - банкрут, і няхай хто-небудзь абвергне сённяшняе маё выказванне", - заявіў кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка паведаміў, што даручыў адпаведным органам звязацца з Лонданскай і Маскоўскай біржамі, каб папярэдзіць аб тым, што адбываецца. "Будуць яны правяраць або не будуць - гэта ўжо іх справа, але мне здаецца, што Лонданская біржа, атрымаўшы такую інфармацыю, увогуле ахне", - сказаў Прэзідэнт.
"Таму гэта дымавая заслона патрэбна была для абвалу рынку, каб схаваць свае праблемы, якія на самай справе ўзніклі задоўга да таго. Можа, у гэтым і была галоўная задума аферы", - рэзюмаваў кіраўнік дзяржавы.
19 верасня 2013, Мінск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА