Вірус афрыканскай чумы свіней (АЧС) трапіў у Пскоўскую вобласць разам з кормам, які быў завезены з тэрыторыі Беларусі і закуплены ўладальнікамі прыватнай падсобнай гаспадаркі ў вёсцы Сянюціна.
"Зараз уся Беларусь палыхае. Толькі ў Віцебскім раёне зарэгістравана 55 ачагоў гэтага віруснага захворвання", — падкрэсліў ён. Чыноўнік таксама дадаў, што для кантролю таварапатоку прадуктаў свінагадоўлі, кармоў на дарогах паблізу ад расійска-беларускай мяжы выстаўлены дзяжурныя пасты. Невялікія лясныя дарогі перакапаныя, каб прадухіліць перамяшчэнне бескантрольнага аўтатранспарту.
Паводле даных рэгіянальнага ўпраўлення ветэрынарыі, для недапушчэння распаўсюджання афрыканскай чумы свіней на межах першай і другой пагражальных зон створаны і функцыянуюць кругласутачныя ахоўна-каранцінныя пасты, дэзінфекцыйныя бар`еры. У першай пагражальнай зоне праведзена адчужэнне свінога пагалоўя. Усе жывёліны забіраліся па актах, і на падставе гэтых дакументаў іх уладальнікам будзе зроблена выплата кампенсацый. Адпаведная пастанова адміністрацыі рэгіёну ўжо падпісана. Таксама Аляксандр Булах зазначыў, што ўсе дзеняні былі спакойна ўспрынятыя насельніцтвам. "Разуменне ёсць, і мы мяркуем, што людзі праявілі сваю грамадзянскую свядомасць", — заўважыў ён.
Паводле слоў Булаха, усе ахоўныя мерапрыемствы ў каранцінных зонах будуць працягнуты. Уведзеныя каранцінныя абмежаванні будуць дзейнічаць на працягу месяца, і толькі пасля заканчэння гэтага тэрміну можа быць пастаўлена пытанне аб зняцці каранціну.
Нагадаем, 19 ліпеня на прыватным падворку ў вёсцы Сянюціна Невельскага раёна быў выяўлены выпадак захворвання свойскай свінні афрыканскай чумой.
Як паведамлялася раней, Беларусь увяла забарону на ўвоз свіней і свініны з Пскоўскай вобласці, а таксама Яраслаўскай, Тульскай, Растоўскай, Маскоўскай, Валгаградскай і Смаленскай абласцей, а таксама часова абмежавала пастаўкі свініны з Белгарадскай вобласці Расіі.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 26 ліпеня 2013