Аляксандр Лукашэнка лічыць, што рэзервам для нарошчвання тавараабароту з`яўляюцца пастаўкі складанатэхнічнай прадукцыі па лізінгу. На яго думку, урады Беларусі і Украіны павінны паскорыць падрыхтоўку да падпісання міжурадавага пагаднення аб стварэнні спрыяльных умоў для актывізацыі лізінгавай дзейнасці. Адпаведнае даручэнне Прэзідэнт Украіны ўжо даў ураду.
Нацыянальныя банкі дзвюх краін у бліжэйшы час маюць намер прыняць сумесныя меры па пашырэнню выкарыстання ва ўзаемным гандлі сучасных фінансавых інструментаў - экспартнага крэдытавання, міжнароднага лізінгу.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на неабходнасць развіцця супрацоўніцтва і па больш выгаднаму выкарыстанню транзітных магчымасцей дзвюх краін, каардынаванню сваіх планаў і дзеянняў у гэтай сферы, работы на рэгіянальным і міжнародным узроўнях.
Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што ў час перагавораў лідары дзвюх краін дамовіліся актывізаваць гандлёва-эканамічныя сувязі Беларусі і Украіны, і ў першую чаргу ў сферы вытворчай кааперацыі як найбольш развітой формы супрацоўніцтва. Найбольшую перспектыву бакі бачаць у развіцці сумесных вытворчасцей і прадпрыемстваў у галіне сельгасмашынабудавання, асваення і вытворчасці гарадскога пасажырскага транспарту.
Прэзідэнт Беларусі падкрэсліў, што адным з прыярытэтаў з`яўляецца ўзаемадзеянне ў энергетычнай сферы. Бакі дамовіліся яго значна актывізаваць, у тым ліку па падрыхтоўцы кадраў для ядзернай энергетыкі, што для Беларусі сёння з будаўніцтвам першай АЭС асабліва актуальна.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што значны патэнцыял мае пашырэнне міжрэгіянальных кантактаў. На яго думку, неабходна паглыбляць ужо існуючыя партнёрскія сувязі беларускіх рэгіёнаў з усімі 24 абласцямі Украіны, Крымам, Кіевам і Севастопалем.
Важнай тэмай перагавораў прэзідэнтаў было супрацоўніцтва ў культурнай і гуманітарнай сферах. Плануецца, што ў 2014 годзе ва Украіне пройдуць Дні беларускай культуры, а ў 2015 годзе - Дні культуры Украіны ў Беларусі.
Беларусь зацікаўлена ва ўмацаванні ўзаемадзеяння з Украінай з улікам актыўнага развіцця еўразійскай інтэграцыі. "Мы гатовы да правядзення як двухбаковых, так і шматбаковых кансультацый у гэтай сферы для выпрацоўкі ўзгодненых падыходаў. Кіеў можа разлічваць на збалансаваны, зацікаўлены падыход з боку Мінска пры прыняцці рашэнняў па важных для ўкраінскага боку тэмах", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт Беларусі адзначыў, што адбыліся канструктыўныя і абсалютна адкрытыя перагаворы з украінскім калегам па ўсім спектры двухбаковых адносін. Ён адзначыў задаволенасць беларускага боку пазітыўнай дынамікай супрацоўніцтва. "Мы пацвярджаем высокую зацікаўленасць у актыўным нарошчванні нашага ўзаемадзеяння ва ўсіх сферах, - сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. - За гады незалежнасці мы змаглі не проста захаваць, але і значна ўмацаваць і пашырыць беларуска-ўкраінскія кантакты на ўсіх узроўнях. І сёння нашы краіны выйшлі на ўзровень сістэмнага доўгатэрміновага партнёрства".
18 чэрвеня 2013, Кіеў
Таццяна Паляжай - БЕЛТА