https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Чаму Януковіч не выпускае Цімашэнку?


Прэзыдэнт Украіны Віктар Януковіч ня можа ўмешвацца ў справу былой прэм’ер-міністра Юліі Цімашэнкі, таму што гэта азначала б парушэньне закона, заявіў у Вашынгтоне міністар замежных справаў Украіны Леанід Кажара.

Выступаючы ў публічных дыскусіях, Леанід Кажара заявіў, што Ўкраіна далучаная да справы эўрапейскай інтэграцыі і ўпэўнена ідзе па шляху рэформаў.

Знаходзячыся ў Вашынгтоне, міністар замежных справаў Украіны Леанід Кажара заявіў, што Ўкраіна ў складаных эканамічных умовах ажыцьцяўляе рэформы, неабходныя для збліжэньня з Эўрапейскім зьвязам і падпісаньня пагадненьня аб асацыяцыі ў лістападзе сёлета. Сярод рэформаў, якія Ўкраіна ажыцьцяўляе, згодна з рэкамэндацыямі Эўрапейскага зьвязу, Леанід Кажара назваў рэформу бюджэтнага фінансаваньня, выбарчага заканадаўства, сфэры вяршэнства права.

Аднак, ён адзначыў, што, як бы моцна Ўкраіне і яе партнэрам не хацелася збліжэньня, ёсьць рэчы, на якія выканаўчая ўлада і прэзыдэнт ня могуць паўплываць. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра справу Юліі Цімашэнкі, былой кіраўніцы ўраду, якая застаецца ў турме па абвінавачваньні ў перавышэньні службовых паўнамоцтваў.

Па словах Кажары, прэзыдэнт Украіны таксама зрабіў крок, які сьведчыць аб незваротнай прыхільнасьці Ўкраіны справе эўрапейскай інтэграцыі. Ён памілаваў шасьцярых асуджаных, абвінавачаных сярод іншага ў карупцыі і выдаткоўваньні бюджэтных грошай, сярод якіх былі былы міністар унутраных спраў Юрый Луцэнка і міністар аховы навакольнага асяродзьдзя Георгій Філіпчук.

«Хтосьці мог бы спытаць, чаму прэзыдэнт таксама не пашкадаваў былога прэм’ер-міністра Юлію Цімашэнка? Адказ заключаецца ў плоскасьці вяршэнства права. Прэзыдэнт ня можа памілаваць зьняволенага, пакуль той не выкарыстоўваў ўсіх прававых магчымасьцяў. Таксама ёсьць і іншыя справы, распачатыя супраць Цімашэнкі», — заявіў Кажара і дадаў: " Паверце мне, ніхто не шчасьлівы, што пані, прыгожая пані, былая прэм’ер-міністр, знаходзіцца ў турме. Але ўсё павінна адбывацца па законе ".

Леанід Кажара паскардзіўся на тое, што на Захадзе неаб’ектыўна ставяцца да Партыі рэгіёнаў, таму што сымпатыі Захаду былі на баку Аранжавай рэвалюцыі.

«Наша праблема, праблема кіруючай партыі заключаецца ў тым, што мы не падтрымалі Аранжавую рэвалюцыю ў 2004 годзе. Лёгіка і традыцыя палітычнай барацьбы ва Ўкраіне паказалі, што мая партыя была па іншы бок барыкады. Але гэта ня значыць, што мы не выступаем за прагрэс, рэформы і эўрапейскую інтэграцыю. Я ўпэўнены, што, калі б партыя Юліі Цімашэнкі была пры ўладзе сёньня, Захад дараваў бы ёй шмат», - сказаў Леанід Кажара.

Паводле яго словаў, пасьля перамогі Аранжавай рэвалюцыі многія яго паплечнікі па партыі патрапілі ў турму, пацярпеў і ён асабіста, калі яго звольнілі па палітычных прычынах.

Радыё Свабода, 10 траўня 2013

 
Дата публикации:10.05.2013
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:1236
 
Ключевые слова:
Украина-Евросоюз Интеграция Юлия Тимошенко Криминал Энергетика Права человека Цветные революции
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме