"Нас усё ж закрануў сусветны фінансава-эканамічны крызіс, аднак нам удалося ў асноўным стабілізаваць сітуацыю, — сцвярджае Лукашэнка. — Сёння мы пераадолелі мяжу 500 долараў сярэдняй заработнай платы па краіне, справіліся з высокай інфляцыяй, супакоілі валютны рынак, забяспечылі на бяспечным узроўні золатавалютныя рэзервы".
Усе гэтыя станоўчыя звесткі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы, заўважаны і адзначаны ў свеце. Паводле штогадовага рэйтынгу ААН, Беларусь выйшла ў лік першых 50 дзяржаў свету па індэксе чалавечага развіцця. "Гэта самы высокі паказчык сярод дзяржаў СНД. Паказчык, які не мы вызначаем", — падкрэсліў Лукашэнка.
У той жа час, адзначыў ён, "падстаў для трывогі менш не стала". "Свет вакол нас так і не выбраўся з зацяжнога крызісу, — заявіў Лукашэнка. — Драматычныя падзеі ў Грэцыі і на Кіпры, якія маюць, на жаль, сваё развіццё ў Еўропе, — сумнае таму пацвярджэнне. Спрыяльных прагнозаў на будучыню практычна не чуваць. Сусветная фінансавая і палітычная эліта ў разгубленасці. Простыя спосабы вырашэння праблем накшталт друкавання пустых долараў і еўра і мудрагелістых фінансавых маніпуляцый не даюць эфекту. А ісці на непазбежныя фундаментальныя рэформы не хапае волі і смеласці. Дарэчы, а ад нас яны ўсе патрабуюць рэформ".
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, у такія перыяды сваёй гісторыі чалавецтва заўсёды звяртаецца да базавых эканамічных каштоўнасцяў — здольнасці забяспечыць сябе таварамі першай неабходнасці: прадуктамі харчавання, адзеннем, жыллём.
"І ў гэтым мы маем добры запас трываласці. Мы маем добрыя навыкі, таму што Беларусь развівала рэальны сектар эканомікі, а не надзімала мыльную фінансавую бурбалку. У гэтым мы не ўдзельнічалі", — заявіў ён.
"Далейшы рост дабрабыту кожнага чалавека ў Беларусі непасрэдна залежыць не толькі ад аператыўных мер, якія прымае ўлада, але і ад правільнасці выбару стратэгіі развіцця краіны. А ўлічваючы крайнюю ўзаемазалежнасць краін у сучасным свеце, мы павінны вельмі добра разумець глабальныя працэсы, што адбываюцца, і наша месца ў іх", — падкрэсліў Лукашэнка.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 19 красавіка 2013