Экспарт прадукцыі Мінсельгасхарча ў 2013 годзе павінен вырасці на 16 працэнтаў. У планах міністэрства - работа не толькі на традыцыйных рынках збыту, але і актыўнае прасоўванне прадукцыі на іншыя рынкі. "Беларусь мае намер развіваць супрацоўніцтва ў галіне сельскай гаспадаркі з В`етнамам, М`янмай, Камбоджай, Іранам і іншымі дзяржавамі. Прапрацоўваюцца праекты з гэтымі краінамі, у тым ліку па стварэнню сумесных вытворчасцей", - адзначылі ў прэс-службе ўрада.
Леанід Заяц паведаміў аб падрыхтоўцы планаў мадэрнізацыі сельскагаспадарчых арганізацый. Яны прадугледжваюць канкрэтныя мерапрыемствы па тэхнічнаму перааснашчэнню дзеючых і стварэнню новых вытворчых магутнасцей, асваенню новых відаў прадукцыі. Міністр таксама расказаў аб буйных інвестыцыйных праектах, якія плануюцца да рэалізацыі ў галіне. Сярод іх - будаўніцтва сучасных заводаў па вытворчасці малочнай прадукцыі, перапрацоўка мяса індычкі, свінагадоўчых комплексаў, бройлерных фабрык.
Як адзначыў, заслухаўшы справаздачу міністра, прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч, важнейшым напрамкам развіцця сельскай гаспадаркі ў Беларусі павінна стаць фарміраванне буйнатаварных сельгасвытворчасцей. У гэтым плане неабходна пераходзіць ад агульных дэкларацый да рэалізацыі канкрэтных праектаў, падкрэсліў прэм`ер-міністр. "Відавочна, што сёння патрабуецца пераход сапраўды на буйнатаварную прамысловую сельскагаспадарчую вытворчасць. Гэта павінны быць, на мой погляд, разам з узбуйненнем гаспадарак самастойныя вытворчыя прамысловыя сельскагаспадарчыя комплексы з сучаснымі тэхналогіямі, кваліфікаванымі кадрамі. Яны маглі б паспяхова працаваць у пары з буйнымі гандлёвымі кампаніямі", - лічыць ён. Такія комплексы могуць развівацца, перш за ўсё, у аграгарадках, дзе для гэтага створаны неабходныя ўмовы.
У цэлым у сваёй рабоце аграрыі павінны быць нацэлены на выкананне тэхналогій вытворчасці і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, зніжэнне выдаткаў, развіццё экспарту прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, дыверсіфікацыю рынкаў збыту.
Міхаіл Мясніковіч заслухаў таксама справаздачу міністра лясной гаспадаркі Міхаіла Амельяновіча. У гэтым годзе экспарт лесапрадукцыі і паслуг прагназуецца на суму $106 млн. Сальда знешняга гандлю будзе дадатным у памеры больш як $100 млн. Інвестыцыі ў асноўны капітал павінны скласці Br102 млрд. Усімі арганізацыямі галіны распрацаваны планы мадэрнізацыі. Прыярытэтнымі напрамкамі інвестыцыйнай дзейнасці Мінлясгаса ў гэтым годзе стануць стварэнне новых і тэхнічнае пераўзбраенне дзеючых лесагаспадарчых і лесанарыхтоўчых вытворчасцей, арганізацый дрэваапрацоўчага комплексу, развіццё паляўнічай гаспадаркі, будаўніцтва лясных дарог. Працягнецца работа па стварэнню аўтаматызаванай сістэмы ранняга выяўлення лясных пажараў.
Міхаіл Мясніковіч звярнуў увагу на важнасць развіцця ў краіне сеткі лясных дарог. "З улікам вялікага аб`ёму лесаперапрацоўкі, які запланаваны, неабходна займацца будаўніцтвам лясных дарог, каб забяспечыць нармальны доступ да лясных масіваў", - сказаў ён. Яшчэ адзін прыярытэт - механізацыя лесанарыхтоўчых работ, укараненне сучасных тэхналогій у гэтай сферы. Павінна эфектыўна прадаўжацца работа і па закладцы новых лясоў. У іх структуры неабходна павялічыць удзельную вагу каштоўных і хуткарослых драўняных парод. Арганізацыі галіны маглі б больш актыўна займацца атрыманнем з выкарыстаннем сучасных біятэхналогій насення і пасадачнага матэрыялу, паспяхова імі гандляваць. Пакуль падобных праектаў вельмі мала.
З дакладам выступіў і міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко. Паводле яго слоў, у адпаведнасці з планамі развіцця галіны, аб`ём інвестыцый у асноўны капітал у 2013 годзе вырасце ў 4 разы ў параўнанні з 2012 годам і складзе Br204,6 млрд. У 2013 годзе плануецца рэалізаваць інавацыйны праект па ўкараненню новых метадаў прагназавання надвор`я з выкарыстаннем лічбавых мадэлей. За кошт гэтага апраўдвальнасць прагнозаў надвор`я павінна вырасці з сённяшніх 94-95 працэнтаў да 97 працэнтаў. Павысіцца дакладнасць прагназавання небяспечных і неспрыяльных пагодных з`яў, такіх як ліўні, шквалы, навальніцы і град. Плануецца закупка новых буравых установак, будзе павялічана прадукцыйнасць праводкі свідравін. У гэтым годзе ў Беларусі пройдуць міжнародныя конкурсы па выбару канцэсіянераў для асваення шэрагу радовішчаў карысных выкапняў: гліны, мелу, гравійных матэрыялаў, гаручых сланцаў. Развіццё экспарту паслуг плануецца пераважна на рынкі Расіі і Казахстана.
Прэм`ер-міністр даручыў Мінпрыроды прадожыць работу па развіццю і ўдасканаленню прыродаахоўнай дзейнасці ў Беларусі, хутка рэагаваць на экалагічныя праблемы, больш актыўна прасоўваць свае ініцыятывы па ўмацаванню сістэмы аховы і рацыянальнага выкарыстання прыродных рэсурсаў.
Старшыня канцэрна "Белдзяржхарчпрам" Аляксандр Забела праінфармаваў аб запланаванай мадэрнізацыі падведамных арганізацый, найбольш буйных інвестыцыйных праектах і мерах па развіццю экспарту.
Прэм`ер-міністр даручыў канцэрну больш актыўна працаваць над пашырэннем асартыменту прадукцыі з выкарыстаннем мясцовай сыравіны. Найважнейшым прыярытэтам павінна заставацца развіццё экспарту. Вялікія перспектывы для гэтага можа адкрыць супрацоўніцтва канцэрна з транснацыянальнымі карпарацыямі.
24 лістапада 2013, Мінск
БЕЛТА