Як паведамляе прэс-служба ДМК, рабочая сустрэча кіраўнікоў мытных ведамстваў адбылася 20 снежня ў пункце пропуску "Каменны Лог — Мядзінінкай". Адной з асноўных тэм сустрэчы стала праблема чэргаў на беларуска-літоўскай мяжы.
"Бакі дамовіліся арганізаваць пастаянны абавязковы абмен інфармацыяй па тэлефоне паміж начальнікамі аддзелаў пунктаў пропуску "Каменны Лог — Мядзінінкай", "Катлоўка — Лаварышкіс", "Беняконі — Шальчынінкай", — паведамляе ДМК.
Праблемы з перасячэннем беларуска-літоўскай мяжы ў аўтаперавозчыкаў узніклі 5 снежня пасля таго, як у пункце пропуску Мядзінінкай па падазрэнні ў атрыманні хабараў былі затрыманы 29 літоўскіх мытнікаў.
Кіраўнікі мытных ведамстваў Беларусі і Літвы прызналі недастатковасць прынятых мер для поўнага ўстаранення праблемы чэргаў на мяжы. У сувязі з гэтым на сустрэчы 20 снежня абмяркоўвалася ўстанаўленне ў перспектыве дадатковых пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай мяжы.
Шпілеўскі і Шыпавічус таксама разгледзелі праект мемарандума аб узаемадзеянні мытных служб Беларусі і Літвы на перыяд правядзення чэмпіянату свету па хакеі ў Мінску ў 2014 годзе. Кіраўнікі мытных службаў дамовіліся падпісаць дакумент у лютым 2013 года.
У пачатку 2013 года плануецца правесці аналагічныя сустрэчы з кіраўнікамі мытных службаў Латвіі, Польшчы і Украіны, паведамілі ў ДМК.
Ганна Афоніна, БелаПАН
Мінск, 22 снежня 2012