https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Беларусь зацікаўлена ў новай праграме супрацоўніцтва з Міжнародным валютным фондам


Пра гэта заявіў прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч сёння падчас перамоў з новым кіраўніком місіі МВФ у Беларусі Давідам Хофманам, які знаходзіцца ў Мінску з азнаямленчым візітам.
"Хацелася б пагаварыць пра далейшыя крокі, у тым ліку, як і раней мы абмяркоўвалі са спадаром Джарвісам (Крыс Джарвіс, ранейшы кіраўнік місіі МВФ у Беларусі. — БелаПАН.), пра выхад на праграму", — цытуе Мясніковіча дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Прэм`ер нагадаў, што летась Беларусь не атрымала з боку МВФ той падтрымкі, на якую разлічвала. "Нашы дзеянні ў мінулым няпростым годзе былі разлічаны на ўласныя сілы, найперш канкурэнтнасць эканомікі, стабільнасць грамадзянскай супольнасці і ўзгодненую і адказную працу ўлады", — сказаў Мясніковіч.

Ён выказаў падзяку "стратэгічным партнёрам" па ЕўрАзЭС, якія аказалі "ў той няпросты час" неабходную падтрымку Беларусі ў галіне структурных пераўтварэнняў і стабілізацыйных фондаў. "Асабліва мы ўдзячныя кіраўніцтву Расійскай Федэрацыі і асабіста Уладзіміру Пуціну і Дзмітрыю Мядзведзеву", — падкрэсліў прэм`ер.

Мясніковіч прапанаваў прадстаўнікам МВФ абмеркаваць далейшыя крокі, якія "былі б ў інтарэсах нацыянальнай эканомікі Беларусі і разам з гэтым улічвалі б працэсы глабальнай эканомікі".

"Мы таксама мяркуем, што з боку МВФ і іншых фінансавых інстытутаў павінна давацца краінам-членам аб`ектыўная і актуальная інфармацыя аб сярэднетэрміновай перспектыве развіцця глабальнай і рэгіянальнай эканомік і магчымых захадах, якія неабходна было б зрабіць у гэты няпросты час", — сказаў кіраўнік урада. Пакуль, адзначыў ён, па гэтых пытаннях няма адпаведных рэкамендацый. "Гэта кепска, і мы вымушаны выкарыстоўваць розныя бессістэмныя звесткі — я маю на ўвазе глабальную эканоміку, тыя працэсы, якія ідуць у зоне еўра", — удакладніў Мясніковіч.

У сваю чаргу Давід Хофман заявіў, што на пасадзе кіраўніка місіі МВФ у Беларусі разлічвае працягнуць "тыя добрыя адносіны" фонду з краінай, паведамляе БелТА.

"Гэтая місія ўяўляе сабой місію па перадачы спраў, якая дае магчымасць спадару Джарвісу прадставіць мяне ўладам Беларусі, — растлумачыў Хофман мэту свайго прыезду. — Мы тут ужо два дні працуем, праводзячы сустрэчы, і я застануся тут па панядзелак уключна". Цяперашні візіт, дадаў ён, трэба разглядаць як падрыхтоўчую працу па зборы інфармацыі для больш маштабнай місіі па трэцім постпраграмным маніторынгу, які плануецца правесці ў кастрычніку.

Нагадаем, у 2009—2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ у межах праграмы stand-by пяць траншаў крэдыту на агульную суму 3,46 млрд. долараў, хаця першапачаткова меркавалася выдзяленне 2,45 млрд. Затым Мінск яшчэ двойчы звяртаўся ў МВФ па дапамогу. Апошняя заяўка на атрыманне крэдыту была накіравана Беларуссю ў МВФ вясной гэтага года. Улады разлічвалі атрымаць 3,5 млрд. долараў для рэфінансавання доўгу па ранейшым крэдыце. Аднак у МВФ указалі на негатоўнасць уладаў Беларусі да глыбокіх структурных рэформ, што неабходна для аднаўлення крэдытнага супрацоўніцтва.

3 мая кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова заявіла: пытанне супрацоўніцтва Беларусі з МВФ "ляжыць у палітычнай плоскасці". Яна таксама адзначыла, што краіне не столькі патрэбны крэдыты МВФ, колькі тэхнічная і іншая дапамога фонду.

28 чэрвеня віцэ-прэм`ер Сяргей Румас паведаміў журналістам, што дыялог паміж МВФ і Беларуссю пакуль не актывізаваўся і "знаходзіцца ў такім жа стане, як і два-тры месяцы таму".

БелаПАН
Мінск, 6 ліпеня 2012
 
Дата публикации:06.07.2012
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:1896
 
Ключевые слова:
Беларусь-МВФ Финансы Кредиты Мировой финансовый кризис
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме