МАЗ на выставе прадстаўляў два сваі аўтобусы — "МАЗ-231" і "МАЗ-241"
Першы аўтобус адносіцца да другога пакалення пасажырскай тэхнікі МАЗа і прызначаны для прыгарадна-міжгародніх перавозак. Як патлумачылі ў прэс-службе завода, гэта абсалютна новая распрацоўка, якая не мае аналагаў у нашай краіне: пры даўжыні 12 метраў у аўтобусе размяшчаецца 71 пасажыр, прычым 51 — у камфарбательных сядзеннях. Дзякуючы выкарыстанню сучасных метадаў праектавання ў аўтобусе, які па габарытам адпавядае гарадскім мадэлям, удалося размясціць не толькі 51 сядзенне, але і багажнік аб`ёмам 5 кубічных метраў. Гэтая мадэль адпавядае экалагічным патрабаванням Еўра-5.
"МАЗ-241" не такі вялікі — гэта аўтобус малога класа для прыгарадных і міжгародніх перавозак, а таксама для карпаратыўных і турыстычных паездак. Пры даўжыні ў 6,8 метра ў ім размяшчаюцца 22 камфартабельныя сядзенні.
Гэтыя дзве мадэлі ўжо пастаўлены на серыйную вытворчасць, таму наведвальнікі выставы ў Расіі маглі адразу прыцаніцца да беларускіх навінак і дамовіцца аб продажы. У прынцыпе, МАЗ вельмі задаволены вынікамі паездкі на "Buswоrld Russіа — 2012":
— Паездка ў Ніжні Ноўгарад прайшла вельмі плённа для нашай камерцыйнай службы, — расказвае прэс-сакратар МАЗа Юлія КАТАШ. — Да стэнда падыходзіла шмат наведнікаў, інтарэс да нашых аўтобусаў быў праяўлены як з боку расійскіх прыватных фірмаў, так і дзяржаўных арганізацый. Шмат таксама працавалі з журналістамі.
Па словах Юліі Каташ, прадукцыя МАЗа выглядала годна на фоне канкурэнтаў з іншых краін. Гэта пацвярджае і тое, што ў многіх расійскіх гарадах можна сустрэць МАЗаўскія аўтобусы — пачынаючы ад Ніжняга Ноўгарада, дзе праходзіў міжнародны салон, і заканчваючы Масквой, Санкт-Пецярбургам, Самарай, Разанню, Казанню і іншымі.
Звязда, 14 чэрвеня 2012