Начальнік упраўлення абыходжання з адходамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Сяргей Кузьмянкоў:
- Як эколаг я толькі "за". Макулатура будзе падзелена, з вільготнасцю таксама будзе ўсё ў парадку. Але ўсё не так проста, як здаецца на першы погляд, таму што ўсё ж такі ўзнікаюць пытанні санітарнай і пажарнай бяспекі. Так што справа гэта добрая, але яна павінна быць таксама добра прадумана і арганізавана.
Рэдакцыя "Звязды" атрымала ліст ад свайго пастаяннага чытача Уладзіміра Дземчанкі з вёскі Машканы Сенненскага раёна, у якім Уладзімір Сцяпанавіч прапануе схему арганізацыі збору макулатуры.
Напрыклад, у жыллёвым сектары можна зрабіць так:
1. правесці агітацыйна-тлумачальны сход з жыльцамі кожнага шматкватэрнага дома (большасць з іх, несумненна, адгукнецца);
2. на ніжняй пляцоўцы кожнага пад`езда паставіць бляшаную скрынку для макулатуры з накрыўкай (для папярэджання загарання);
3. працаўнікі ЖКГ па прыбіранні пад`ездаў перыядычна павінны ўпакоўваць макулатуру ў папяровыя мяхі двух колераў (для кардону і паперы). Мяхі з макулатурай могуць захоўвацца ў тамбуры ўвахода ў падвал дома;
4. атрымаўшы тэлефоннае паведамленне ўпраўдома або дыспетчара ЖЭУ, прадстаўнік нарыхтоўчай арганізацыі павінен прыехаць на транспарце і прыняць макулатуру ў мяхах, а ўзамен выдаць іншыя папяровыя мяхі і квітанцыю.
Выкарыстанне атрыманых за макулатуру грошай агаворваецца на сходзе жыльцоў. Для ЖКГ мінімум турбот, а макулатура будзе якаснай.
Але асноўным пастаўшчыком макулатуры, на думку Уладзіміра Дземчанкі, павінны быць дзяржаўныя структуры і пункты рознічнага гандлю, якія павінны атрымаць заданне па здачы макулатуры. На гэта не спатрэбіцца дадатковых намаганняў, дастаткова толькі класці сапсаваную і непатрэбную паперу ў спецыяльную ёмістасць. Прыбіральшчыца будзе перакладваць макулатуру ў папяровы мяшок і адносіць у адведзенае месца, а забіраць яе будуць зноў жа прадстаўнікі нарыхтоўчай арганізацыі.
На заметку
* Згодна з інфармацыяй канцэрна "Беллеспаперапрам", які аб`ядноўвае вядучыя прадпрыемствы па перапрацоўцы макулатуры ў краіне, за 2011 год на прадпрыемства паступіла 209,8 тысячы тон макулатуры. Гэтая макулатура перапрацоўваецца з наступным выпускам кардону і паперы, у асноўным газетнай, шпалернай, упаковачнай.
* Для вытворчасці 960 тон паперы трэба 5-6 кубічных метраў драўніны.
Святлана Бусько
Звязда, 3 лютага 2012