"Умовы куплі тыя ж самыя, што і пры куплі першай паловы — 2,5 млрд. долараў. Мы згодныя заплаціць такія грошы. Сёння кантракт на карпаратыўным узроўні мае вельмі высокую ступень гатоўнасці, думаю, 98%", — прыводзіць словы Мілера РІА Новости.
Беларускі бок, сказаў ён, працягвае спробы звязваць падпісанне кантракта на продаж "Белтрансгазу" з кантрактам на пастаўку газу ў Беларусь з 1 студзеня 2012 года.
"У трэцім-чацвёртым квартале мы з беларускімі калегамі будзем весці прадметныя перамовы па ўмовах пастаўкі газу па новым кантракце, але купля "Белтрансгазу" і ўмовы пастаўкі расійскага газу ў Беларусь — сутнасць пытання розная, і, вядома, прадметам нашага пагаднення можа быць толькі адно пытанне, і гэта наша прынцыповая пазіцыя", — сказаў Мілер.
Ён растлумачыў, што гаворка ідзе не пра пастаўкі газу па ўнутрырасійскіх цэнах, а пра прынцыпы роўнадаходнасці.
Пагадненне аб формуле цаны газу для Беларусі з 2012 года пакуль не дасягнутае, нягледзячы на заявы наконт гэтага, паведаміў Мілер.
"Ёсць дзейны кантракт да 31 снежня 2011 года. Прагучалі паведамленні з Беларусі, што дасягнута пагадненне аб формуле цаны, гэта не так. Ніякіх пагадненняў па формуле цаны няма", — заявіў кіраўнік "Газпрома".
30 чэрвеня першы віцэ-прэм`ер Беларусі Уладзімір Сямашка паведаміў, што бакі ўзгаднілі формулу цаны на газ, якая "вельмі выгадная і для Беларусі, і для "Газпрома".
Паводле слоў Сямашкі, Беларусь вядзе перамовы аб стабілізацыі і замарожванні цэн на газ у гэтым годзе. "І самае галоўнае — аб стабілізацыі і магчымым паніжэнні цэн на газ з 1 студзеня 2012 года", — дадаў ён.
Сямашка нагадаў, што Мінск увязвае кантракт з цэнамі на газ з продажам 50% акцый ААТ "Белтрансгаз". У студзені гэтага года падчас першага візіту ў Расію Міхаіла Мясніковіча ў статусе прэм`ер-міністра Беларусі кіраўнік расійскага ўрада Уладзімір Пуцін абазначыў зацікаўленасць Расіі ў куплі акцый "Белтрансгазу". Пры гэтым Пуцін, паводле слоў Сямашкі, заявіў: "Калі вы пойдзеце на гэта, мы дадзім вам тое, што вы жадаеце".
У сувязі з гэтым Сямашка адзначыў, што Беларусь гатова прадаць пакет акцый "Белтрансгазу" ў выпадку знаходжання агульнай мовы з Расіяй па цане на газ.
Ён паведаміў, што Беларусь і Расія дамовіліся па ўсіх асноўных пытаннях, што тычацца продажу "Белтрансгазу" і цаны на газ. Паводле слоў Сямашкі, рыхтуецца пакет з пяці дакументаў: міжурадавае пагадненне аб куплі-продажы "Белтрансгазу", кантракт аб куплі-продажы, пагадненне аб тарыфным утварэнні, кантракт на пастаўку газу з 2012 года і кантракт па транзіце газу па тэрыторыі Беларусі на 2012—2014 гады.
"З Мілерам мы пра ўсё дамовіліся і ўсё ўзгаднілі", — падкрэсліў Сямашка.
Тым часам у сакавіку Уладзімір Пуцін папрасіў беларускі бок пры продажы "Белтрансгазу" не навязваць Расіі дадатковыя ўмовы.
Дзмітрый Уласаў, БелаПАН
Мінск, 30 чэрвеня 2011