"Рэзкага ўздыму цэн не павінна быць. Будзем імкнуцца, каб яго не было наогул. Але гэта вельмі складана. Як толькі павялічваецца зарплата, адразу расце попыт, які цягне за сабой рост цэн", — цытуе Мясніковіча прэс-служба ўрада.
Ёсць і аб`ектыўныя цяжкасці, дадаў прэм`ер-міністр, маючы на ўвазе так званы беларускі шопінг. "Калі ў Беларусі будуць моцна — на 10% і больш — адрознівацца цэны ад расійскіх, то беларускую прадукцыю будуць вывозіць", — адзначыў Мясніковіч. Гэта асабліва характэрна для Віцебскай, Магілёўскай, Гомельскай абласцей, куды па прадукцыю прыязджаюць расіяне.
"З інфляцыяй мы ўжо амаль справіліся, — падкрэсліў прэм`ер-міністр. — І цяпер нейкага руху цэн, які адчувальна ўдарыць па кашальку, у прынцыпе не павінна быць".
Паводле слоў кіраўніка ўрада, не будзе пакуль расці і курс долара. Мясніковіч лічыць, што рэальны курс беларускага рубля да долара ЗША складае ад 4,5 да 5,5 тыс. рублёў. І ён захаваецца на такім узроўні, калі "мы не справакуем яго эмісійным крэдытаваннем эканомікі — на жыллё, фермы, дарогі", адзначыў кіраўнік урада.
"Забяспечыць адначасова валютную стабільнасць і развіццё немагчыма, гэтыя дзве задачы не вырашаюцца ў сукупнасці, як нельга прымаць снатворнае разам са слабіцельным. Спачатку трэба навесці парадак на валютным рынку, а потым займацца пытаннямі развіцця", — падкрэсліў прэм`ер-міністр.
Так, паводле слоў Мясніковіча, аб`ём жыллёвага будаўніцтва з дзяржаўнай падтрымкай у 2012 годзе будзе паменшаны на траціну. Сёлета плануецца будаўніцтва 7,5 млн. кв. м жылля, з іх 80% — з дзяржпадтрымкай (гэта льготнае крэдытаванне, сацыяльнае жыллё). У наступным годзе плануецца будаўніцтва 6 млн. кв. м жылля, пры гэтым з дзяржаўнай падтрымкай — 45%.
Права карыстацца льготнымі жыллёвымі крэдытамі будзе, па-першае, у шматдзетных сем`яў (падтрымка іх нават узмоцніцца), па-другое, у сем`яў, якія жывуць у інтэрнаце і ніколі не мелі свайго жылля, па-трэцяе, у тых, хто жыве ў старым жыллі.
Будуць перагледжаныя і нормы пастаноўкі на ўлік грамадзян, якія маюць патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 25 чэрвеня 2011