"Старшыня праўлення ААТ "Газпром" Аляксей Мілер і першы намеснік прэм`ер-міністра Рэспублікі Беларусь Уладзімір Сямашка правялі чарговы раўнд перамоў па дакументах, якія рыхтуюцца да падпісання. Бакі таксама абмеркавалі іншыя пытанні супрацоўніцтва ў газавай сферы", — сказана ў паведамленні "Газпрома".
Падрабязнасці перамоўнага працэсу не паведамляюцца.
Сёлета заканчваецца чатырохгадовы кантракт з "Газпромам" на пастаўку газу ў Беларусь. Бакі вядуць перамовы аб новым кантракце на 2012—2014 гады, пры гэтым беларускі бок увязвае яго з продажам расійскаму "Газпрому" 50% акцый ААТ "Белтрансгаз" за 2,5 млрд. долараў. "Газпром" ужо з`яўляецца ўладальнікам 50% акцый "Белтрансгазу".
Аднак "Газпром" не звязвае падпісанне новага газавага кантракта з перамовамі па "Белтрансгазу". Раней Аляксей Мілер заяўляў, што гэта два розныя дакументы і "абсалютна розныя па сутнасці дамоўленасці".
Гэтыя пазіцыі раней абнародавалі і прадстаўнікі кіраўніцтва Расіі і Беларусі.
У прыватнасці, летась Аляксандр Лукашэнка заяўляў аб магчымасці продажу 50% акцый "Белтрансгазу", але ў абмен на пастаўку ў Беларусь газу па ўнутрырасійскіх цэнах.
У сакавіку гэтага года на пасяджэнні саюзнага Саўміна прэм`ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін заявіў: расійскі бок зацікаўлены ў набыцці 50% акцый "Белтрансгазу" за 2,5 млрд. долараў. Пры гэтым ён папрасіў беларускіх партнёраў не навязваць Расіі нейкіх дадатковых умоў.
Аднак 23 мая беларускі прэм`ер Міхаіл Мясніковіч, каментуючы ход перамоў аб продажы "Белтрансгазу", пацвердзіў: у рамках гэтай здзелкі сапраўды абмяркоўваецца пытанне цаны на газ. "Гаворка ідзе не проста аб продажы — прадалі і забылі. Трэба, каб прадпрыемства працавала, каб трубы былі звязаныя, пэўныя сродкі паступалі ў бюджэт. Адначасова вядзецца праца і па прагнозу цэн", — сказаў кіраўнік урада.
7 чэрвеня Уладзімір Сямашка зноў заявіў журналістам, што пастаўка Беларусі газу па ўнутрырасійскіх цэнах павінна быць абавязковай умовай продажу акцый "Белтрансгазу".
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 22 чэрвеня 2011