Паводле яго слоў, дагавор аб магчымым продажы "Газпрому" другой паловы акцый "Белтрансгазу" знаходзіцца практычна ў 100-працэнтнай гатоўнасці, але беларускі бок увязвае гэтае пытанне з падпісаннем новага кантракта на пастаўку газу.
"Зараз дзейны кантракт заканчваецца 31 снежня гэтага года, — цытуе Сямашка дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Цяпер мы абмяркоўваем праект кантракта на 2012—2014 гады, і ў гэтым кантракце закладзены прынцыпова новыя падыходы. Гэтыя падыходы заснаваны на тым пакеце пагадненняў, які мы падпісалі 9 снежня 2010 года, ствараючы Адзіную эканамічную прастору".
Першы віцэ-прэм`ер нагадаў аб падпісанні 17 дакументаў, у тым ліку па стварэнні адзінага газавага рынку. Гэта адзін з базавых дакументаў, дзе агаворана, што Беларусь і Расія павінны сінхронна выйсці на роўнадаходныя цэны да 2015 года.
"Гэта прадугледжвае зусім іншую сістэму цэнаўтварэння, а для нас — іншыя цэны, падыходы. Мы зараз вядзем перамовы, і калі два гэтыя пытанні сыходзяцца, то мы гатовы хоць сёння падпісаць два дакументы — кантракт на пастаўку газу і кантракт на продаж пакета акцый "Белтрансгазу", — заявіў Сямашка.
Напярэдадні, 6 чэрвеня, кіраўнік "Газпрома" Аляксей Мілер заявіў: "Газпром" не лічыць неабходным увязваць падпісанне новага кантракта на пастаўку газу ў Беларусь з перамовамі аб набыцці 50% акцый ААТ "Белтрансгаз".
Пры гэтым ён зазначыў, што здзелка па павелічэнні "Газпромом" долі ў "Белтрансгазе" да 100% знаходзіцца "ў вельмі-вельмі высокай ступені гатоўнасці".
"Пытанне куплі акцый "Белтрансгазу" і новы кантракт на пастаўку газу ў Беларусь — гэта два розныя дакументы, і не трэба ў адзін дакумент спрабаваць упісаць абсалютна розныя па сутнасці дамоўленасці", — падкрэсліў Мілер.
Раней такія ж пазіцыі абнародавалі прадстаўнікі кіраўніцтва Расіі і Беларусі.
У прыватнасці, у 2010 годзе Аляксандр Лукашэнка заяўляў аб магчымасці продажу 50% акцый "Белтрансгазу", але — у абмен на пастаўку ў Беларусь газу па ўнутрырасійскіх цэнах.
У сакавіку гэтага года на пасяджэнні саюзнага Саўміна прэм`ер-міністр РФ Уладзімір Пуцін заявіў: расійскі бок зацікаўлены ў набыцці 50% акцый "Белтрансгазу" за 2,5 млрд. долараў, але просіць беларускіх партнёраў не навязваць Расіі якіх-небудзь дадатковых умоў.
Зараз 50% акцый ААТ "Белтрансгаз" належаць "Газпрому", астатнія 50% — беларускай дзяржаве.
БелаПАН
Мінск, 7 чэрвеня 2011