Заяўку з просьбай выдаць стабілізацыйны крэдыт урад і Нацбанк накіравалі ў МВФ 31 мая. Кансультацыі адносна адпаведнай праграмы дзеянняў урада і Нацбанка будуць праводзіцца ў межах місіі МВФ, якая прыбыла ў Мінск 1 чэрвеня.
"Учора я сустракаўся з кіраўніком прадстаўніцтва МВФ у Беларусі спадарыняй Калядзінай. Мы дзве гадзіны абмяркоўвалі пытанні. Місія, якая цяпер у нас працуе, прыехала з мэтай ажыццяўлення маніторынгу выканання тых рэкамендацый, якія былі дадзеныя мінулай місіяй. Але мы вырашылі сумясціць працу гэтай місіі з разглядам падыходаў па фарміраванні чарговай праграмы супрацоўніцтва з фондам", — расказаў Мясніковіч.
"Мы ставім для сябе задачу з Нацыянальным банкам у працы з гэтай місіяй і, магчыма, чарговай місіяй, з якой будзем рыхтаваць непасрэдна праект праграмы для прадстаўлення ў савеце дырэктараў МВФ, і ацэньваем памер падтрымкі ад 3,5 млрд. да 8 млрд.", — адзначыў кіраўнік урада.
Паводле яго слоў, праграма будзе рэалізоўвацца паэтапна, працэс можа заняць ад трох да пяці гадоў.
Мясніковіч падкрэсліў, што цана меркаванага крэдыту ўдвая ніжэйшая, чым кошт стабілізацыйнага крэдыту Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС.
Ён звярнуў увагу, што ў грамадскім разуменні МВФ — гэта толькі тая арганізацыя, якая дае выгадныя крэдыты. "Але МВФ — гэта свайго роду семафор, які паказвае міжнароднай супольнасці, якое святло запаленае: чырвонае — значыць, трэба ўстрымацца, жоўтае — значыць, ёсць пэўная трывога", — дадаў кіраўнік урада.
"Мы разлічваем, што ў выніку працы гэтай і, магчыма, наступнай місіі мы выйдзем на тое, каб быў зялёны сігнал, які паказвае, што сюды можна прыцягваць і рэсурсы МВФ, і для прыватнага капіталу, што сюды можна прыходзіць і з добрай эфектыўнасцю вырашаць праекты", — заключыў Мясніковіч.
Як раней заяўляў журналістам былы кіраўнік Нацбанка Станіслаў Багданкевіч, паводле разлікаў незалежных эканамістаў, дэфіцыт знешнегандлёвага балансу па выніках 2011 года чакаецца на ўзроўні 12 млрд. долараў. З улікам мер, якія плануе прыняць урад, гэты паказчык рэальна скараціць да 8 млрд. "Значыць, прыкладна такую суму і трэба запытваць у МВФ", — лічыць былы кіраўнік Нацбанка.
Браць крэдыт у МВФ выгадна, сцвярджае ён: "Крэдыт МВФ можна атрымаць пад маленькі працэнт на тэрмін да 15 гадоў. Ні адна краіна не крэдытуе на такіх умовах".
Нагадаем, у 2009—2010 гадах Беларусь атрымала пяць траншаў крэдыту МВФ па праграме stand-by. Агульная сума сродкаў, выдзеленых фондам у межах стабілізацыйнай праграмы, склала каля 3,46 млрд. долараў.
У Нацбанку заяўлялі, што праграма stand-by сыграла "адну з ключавых роляў у стабілізацыі эканомікі Беларусі ў 2009 — пачатку 2010 года, дазволіла падтрымаць стабільнасць на валютным рынку, забяспечыць большую ўстойлівасць фінансавай сістэмы, падтрымаць упэўненасць інвестараў і хатніх гаспадарак".
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 1 чэрвеня 2011