У гэтым спісе, у прыватнасці, дзяржканцэрн "Белнафтахім", група кампаній "Трайпл", кампанія "Белтэхэкспарт" і ААТ "Беларуськалій".
"Гэты спіс яшчэ не знаходзіцца на стадыі рэалізацыі: пакуль ён базуецца на сведчаннях накшталт "ён сказаў/яна сказала". Мы павінны быць упэўнены ў тым, што гэтыя кампаніі сапраўды належаць тым людзям, пра якіх мы думаем. Санкцыі ўводзяцца паступова, каб мы маглі аказваць націск у адказ на развіццё сітуацыі", — цытуе Euobserver еўрапейскага дыпламата.
Брусельскае выданне зазначае, што новыя санкцыі "павінны ўдарыць па дзяржаўным бюджэце прэзідэнта Лукашэнкі, не прыносячы крызісу ў кволую эканоміку краіны".
"Але наўрад ці гэта нанясе ўрон прыватнаму капіталу прэзідэнта, які, паводле чутак, асядае ў расійскіх і ўкраінскіх банках, кампаніях, занятых у рыбным бізнесе, будаўніцтве і продажы нерухомасці, а таксама на афшорных рахунках у Расіі і адной з краін ЕС, — гаворыцца ў артыкуле. — Неабходна сур`ёзная разведвальная аперацыя для таго, каб адсачыць гэтыя грошы. І пакуль ніводная краіна Еўрасаюза не гатова выдзеліць сродкі для вырашэння такой задачы".
Спіс можа быць гатовы ўжо да наступнага пасяджэння Савета міністраў ЕС па замежных справах, якое пройдзе ў Бруселі 23 мая.
Нагадаем, 31 студзеня 2011 года Еўрасаюз увёў візавыя санкцыі ў дачыненні да 157 службовых асоб Беларусі, у тым ліку ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі. Адначасова ЕС заявіў, што "застаецца верным сваёй рашучасці ўмацоўваць адносіны з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю".
21 сакавіка Савет міністраў замежных спраў краін ЕС пашырыў спіс. Як зазначалася ў афіцыйным паведамленні, рашэнне было прынята "ў сувязі з пагаршэннем у Беларусі сітуацыі з правамі чалавека". Спіс папоўніўся прозвішчамі яшчэ 19 чалавек.
Варта зазначыць, што Злучаныя Штаты Амерыкі ўжо ўвялі эканамічныя санкцыі ў дачыненні да канцэрна "Белнафтахім".
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 16 мая 2011