Паводле яго слоў, шэраг дзеянняў Нацбанка, уключаючы дазвол камерцыйным банкам выкарыстоўваць "найбольш дэвальваваны абменны курс", указваюць на прызнанне неабходнасці "больш гнуткага абменнага курсу". "Мы назіраем рух абменнага курсу ў межах плюс-мінус 8%. У сваю чаргу, узровень абменнага курсу залежыць ад мер эканамічнай палітыкі, якія рэалізуюцца ў яго падтрымку", — сказаў Джарвіс.
МВФ адзначае "некаторае пагаршэнне сітуацыі на валютным рынку". "Прадпрыемствы і насельніцтва скупляць валюту, ідзе перавод рублёвых дэпазітаў у валютныя", — адзначыў прадстаўнік фонду. Як заявіў кіраўнік місіі МВФ, прычына такой сітуацыі звязаная з тым, што пасля завяршэння рэалізацыі ўзгодненай праграмы дзеянняў з МВФ эканамічная палітыка ўлад была занадта мяккай. У прыватнасці, у мінулым годзе назіраўся празмерны рост крэдытавання — каля 40%, што значна больш за тэмпы росту ВУП і інфляцыі. Акрамя гэтага, бліжэй да канца года адбылося павышэнне заработнай платы. У выніку, адзначыў Джарвіс, сфарміраваўся "вельмі высокі дэфіцыт" рахунку бягучых аперацый.
МВФ лічыць неабходным для беларускіх улад скараціць дэфіцыт бюджэту, істотна паменшыць крэдытаванне ў межах дзяржаўных праграм, а таксама зрабіць больш жорсткай грашова-крэдытную палітыку, павялічыўшы працэнтныя стаўкі, каб яны былі большыя за ўзровень інфляцыі. Гэта, паводле меркавання экспертаў фонду, створыць стымул для насельніцтва несці грошы ў банкі.
Джарвіс адзначыў, што Нацбанк распачынае меры, каб не страціць валютныя рэзервы і адначасова з урадам сфарміраваць пакет эканамічных мер. "Мы бачым, што яны разумеюць сур`ёзнасць сітуацыі і важнасць хутчэйшага аднаўлення працы валютнага рынку", — сказаў кіраўнік місіі. Ён таксама лічыць, што Нацбанк з`яўляецца ў такой сітуацыі плацежаздольным, паколькі здолеў прадухіліць істотнае скарачэнне рэзерваў.
Паводле меркавання прадстаўніка МВФ, сістэмнага эканамічнага крызісу ў Беларусі няма. "Але ёсць сур`ёзныя эканамічныя праблемы, і важна, каб яны вырашаліся", — падкрэсліў Джарвіс.
Ён мяркуе, што Беларусь зможа ажыццяўляць свае плацяжы па знешнім доўгу і праблем з яго фінансаваннем не ўзнікне. "Відавочна, што гэта праблема непакоіць і замежных інвестараў, але, я думаю, яны павінны адчуць упэўненасць", — заявіў Джарвіс.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 6 красавіка 2011