Зварот апублікаваны на сайце http://eurobelarus.info 9 студзеня.
Паводле меркавання яго аўтараў, удзел беларускіх улад ва Усходнім партнёрстве, міжурадавых праграмах тэхнічнай дапамогі ў сферы эканомікі, энергетыкі і трансгранічнага супрацоўніцтва, а таксама перамовы аб даванні эканамічных і гандлёвых прэферэнцый павінны быць прыпынены "да спынення крымінальнага праследавання і іншых неправавых дзеянняў у дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты і грамадзянскіх актывістаў, якія знаходзяцца ў следчым ізалятары КДБ" і іншых ізалятарах, а таксама ў дачыненні да асоб, "прэвентыўна затрыманых міліцыяй напярэдадні падзей 19 снежня".
Аўтары звароту заклікаюць пералічаныя арганізацыі "стварыць міжнародную камісію" для расследавання падзей 19—20 снежня і прыцягнення да адказнасці іх "рэальных вінаватых".
Яны просяць еўраструктуры і ААН звярнуцца да міністраў замежных спраў, адукацыі, працы і сацыяльнай абароны Беларусі "з заявай аб недапушчальнасці практыкі адлічэнняў студэнтаў і навучэнцаў з навучальных устаноў Беларусі, а таксама звальненняў з працоўных месцаў у сувязі з удзелам у мірных акцыях пратэсту і немагчымасці працягваць супрацоўніцтва з Беларуссю ва ўсіх сферах у выпадку такіх адлічэнняў".
Зварот утрымлівае заклік "узмацніць рэгулярныя кантакты і дыялог арганізацый грамадзянскай супольнасці Беларусі з рознымі еўрапейскімі суб`ектамі", а таксама адмяніць консульскі збор для грамадзян Беларусі пры атрыманні шэнгенскай візы ў пасольствах краін ЕС у Мінску.
Аўтары звароту разлічваюць, што "рэакцыя ЕС і абмежаванні ў кантактах і ва ўзаемадзеянні будуць скіраваны на рэальных вінаватых, уключаючы вышэйшых службовых асоб, але не на стаўленне да краіны ў цэлым, яе народа і грамадзянскай супольнасці".
Пад зваротам падпісаліся больш за 50 прадстаўнікоў арганізацый грамадзянскай супольнасці, у тым ліку спікер Форуму грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства, нацыянальны каардынатар форуму па Беларусі Уладзіслаў Вялічка.
Антон Тарас, БелаПАН
Мінск, 10 студзеня 2011