У камерцыйных арганізацыях наймальнікі маюць права самастойна на аснове лакальных прававых актаў устанаўліваць работнікам, уключаючы маладых спецыялістаў, любыя сістэмы аплаты працы. Яны могуць вызначаць складнікі зарплаты, у тым ліку стымулюючыя выплаты, і іх памеры з улікам фінансавых магчымасцей, спецыфікі і асаблівасцей эканамічнай дзейнасці арганізацыі, вынікаў працы канкрэтных работнікаў.
У аграпрамысловым комплексе маладым спецыялістам з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на працягу двух гадоў з дня заключэння з імі працоўнага дагавора (кантракта) кожны месяц даплачваюць 0,46 базавай стаўкі, што ўстанаўліваецца ўрадам для аплаты працы работнікаў бюджэтных арганізацый (Br96,6). Калі работнік прадаўжае працаваць у арганізацыі АПК на ўмовах заключанага кантракта пасля заканчэння першых двух гадоў, даплата ўстанаўліваецца кіраўнікам і спецыялістам на працягу наступных трох гадоў у памеры 0,69 базавай стаўкі (Br144,9).
У арганізацыях бюджэтнай сферы меры стымулявання для маладых спецыялістаў устанаўліваюцца на аснове рашэнняў адпаведных дзяржаўных органаў. Пры гэтым катэгорыі маладых спецыялістаў, памеры стымулюючых выплат і падставы іх устанаўлення розныя.
Напрыклад, стымулюючыя выплаты для маладых спецыялістаў, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання (пераразмеркавання), накіравання на работу (наступнага накіравання на работу) у бюджэтныя арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству адукацыі, Міністэрству культуры, складаюць ад 20 працэнтаў да 45 працэнтаў ад акладу. У сістэме Міністэрства аховы здароўя такія выплаты складаюць ад 20 працэнтаў да 50 працэнтаў ад акладу.
Напрыклад, стымулюючыя выплаты для маладых спецыялістаў, якім месца работы прадастаўлена шляхам размеркавання (пераразмеркавання), накіравання на работу (наступнага накіравання на работу) у бюджэтныя арганізацыі, падпарадкаваныя Міністэрству адукацыі, Міністэрству культуры, складаюць ад 20 працэнтаў да 45 працэнтаў ад акладу. У сістэме Міністэрства аховы здароўя такія выплаты складаюць ад 20 працэнтаў да 50 працэнтаў ад акладу.
Выпускнікам устаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі, накіраваным на работу або для праходжання службы (ваеннай службы) на тэрыторыю радыеактыўнага забруджвання (у зону наступнага адсялення і ў зону з правам на адсяленне), прадугледжаны штогадовыя выплаты ў памерах ад 14,5 да 21,5 базавай велічыні (Br464 — Br688) у залежнасці ад тэрміну работы ў радыеактыўных раёнах. Гэтыя выплаты кампенсацыйныя і ажыццяўляюцца за кошт сродкаў, прадугледжаных у рэспубліканскім бюджэце на ліквідацыю наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.
У тым ліку маладым спецыялістам прадугледжана аднаразовая выплата ў памеры 200 базавых велічынь (Br6400) (тым, хто заключыў кантракт на 5 гадоў пасля 31 снежня 2012 года на работу ў арганізацыях, размешчаных у зонах з правам на адсяленне і наступнага адсялення) або 300 базавых велічынь (Br9600) — пры заключэнні другога кантракта тэрмінам на 5 гадоў пасля 5 гадоў работы на ўмовах першага пяцігадовага кантракта. Таксама належаць надбаўкі ад акладаў за кошт выдзялення дадатковых сродкаў і аднаразовая дапамога ў памеры, вызначаным з прымяненнем каэфіцыентаў да базавай велічыні (ад Br480 да Br2 400).
Звязда, 13 ліпеня 2022