У сакавіку Беларусь паставіла на рынак Украіны прадукцыі на 10,393 мільёна долараў, гэта на 97,2% менш, чым было прададзена за сакавік 2021 года, сведчаць звесткі Белстата.
З Украіны ў сакавіку было імпартавана ў Беларусь тавараў на 4,437 мільёна долараў. У параўнанні з паказчыкам імпарту ў сакавіку мінулага года сёлетні скараціўся на 96,42%.
Тавараабарот паміж дзвюма краінамі за гэты месяц склаў усяго толькі 14,83 мільёна долараў і скараціўся амаль на 97%.
Сярод асноўных экспартных пазіцый – беларуская малочная і мясная прадукцыя, алкагольныя напіткі, цукар, шакалад, дзіцячае харчаванне, бытавая хімія і многае іншае. У сакавіцкі імпарт з Украіны ўвайшлі зерне і алейныя, садавіна, агародніна, арэхі, а таксама некаторыя запчасткі для машын.
Магчыма, гэта гандлёвыя аперацыі, якія былі праведзены раней, бо з пачатку спецыяльнай аперацыі Расіі на Данбасе пастаўкі сапраўды былі прыпынены, а пункты пропуску на мяжы былі зачынены.
У чацвер, 12 мая, міністр эканомікі Аляксандр Чарвякоў пацвердзіў журналістам, што ў Беларусі поўнасцю прыпыніўся гандаль з Украінай. У мінулым годзе, паводле яго інфармацыі, доля беларускага экспарту ў гэтую краіну складала 11%.
Што да вынікаў першага квартала, то паводле звестак Белстата, Украіна прадала Беларусі тавараў на 230,282 мільёна долараў (зніжэнне на 26,4%), а закупіла ў беларускіх вытворцаў прадукцыі на 997,955 мільёнаў долараў і, нягледзячы на вынікі сакавіка, экспарт Беларусі ў гэтую краіну, павялічыўся на 5,9%.
Па выніках студзеня-лютага гэтага года Украіна была ў ліку асноўных гандлёвых партнёраў Беларусі і займала другую пазіцыю пасля Расіі. На долю Украіны прыпадала 9,6% ад усяго аб`ёму тавараабароту.