У Беларусі хутка завершыцца работа над падключэннем да кітайскай плацежнай сістэмы UnionPay, заявіў міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў у эфіры "Беларусь 1".
Паводле яго слоў, некаторыя беларускія банкі і юрыдычныя асобы сутыкнуліся з абмежаваннямі па сістэме пераводу плацяжоў SWIFT і пачалі карыстацца альтэрнатыўнымі сэрвісамі, у тым ліку кітайскай сістэмай.
"У нас вядзецца работа па падключэнню да кітайскіх сістэм, і яна хутка завершыцца. Гэта таксама даволі нядрэнная работа. Можна працаваць і без гэтага (без SWIFT)", - сказаў міністр.
Укараненне UnionPay, лічыць кіраўнік Мінфіна, паскорыць праходжанне плацяжоў, вяртанне выручкі і павялічыць падатковыя паступленні ў бюджэт.
Ён нагадаў, што Беларусь гандлюе з Кітаем у тым ліку ў кітайскай валюце - юанях, і "гэта іх задавальняе".
"Калі мы будзем атрымліваць выручку ў юанях за свой экспарт, мы зможам набываць там, умоўна, нейкія тавары электронікі, выкарыстоўваючы гэтую валюту там жа, у іх, пераводзячы грошы па іх сістэме. Чым больш будзе магчымасцей разлічвацца ў розных валютах, выкарыстоўваць розныя сістэмы, тым менш будзе рызыкі і больш гарантый, упэўненасці ў тым, што той тавар, які ты паставіў, вернецца выручка і ты зможаш ажыццяўляць разлікі", - растлумачыў Селівёрстаў.
UnionPay у Беларусі
У Беларусі гэтыя карты сталі выпускаць з 2019 года. Іх пазіцыянавалі як карткі, якія будуць незаменныя для падарожжаў у Кітай, але ніяк не ў Еўропу. Менавіта ў Паднябеснай плацежная сістэма прадстаўлена найболей шырока.
Цяпер такую карту выпускаюць толькі ў "Белгазпрамбанку", але і там у сакавіку гэтага года скончыўся "пластык".
Карты кітайскай сістэмы прымаюць у Беларусі з 2011 года - расплаціцца імі можна ў крамах, гандлёвых цэнтрах, рэстаранах, гатэлях і іншых месцах.