Першы энергаблок БелАЭС выпрацаваў 5 млрд кВтч электраэнергіі, паведаміў міністр энергетыкі Віктар Каранкевіч на сустрэчы з працоўным калектывам Бярозаўскай ДРЭС.
Напярэдадні стала вядома, што МЗС Літвы ўручыла ноту пратэсту беларускаму дыпламату ў сувязі з планамі па фізічным пуску другога энергаблока Беларускай атамнай станцыі і заклікала спыніць эксплуатацыю аб`екта.
У сваю чаргу міністэрства энергетыкі Беларусі выступіла з заявай, у якой гаварылася, што дзеянні літоўскага боку нішто іншае, як інфармацыйная кампанія супраць нашай краіны.
"Гатоўнасць другога блока АЭС - 90%. Да канца бягучага года на блоку пачнецца этап фізічнага пуску - спецыялісты пачнуць загрузку свежага ядзернага паліва ў актыўную зону рэактара", - цытуе Віктара Каранкевіча прэс-служба Мінэнерга.
Паводле яго слоў, пасля таго як у строй будуць уведзены два энергаблокі, у краіне аб`ём вытворчасці электраэнергіі вырасце да адзнакі ў 18,5 млрд кВтч, што дазволіць штогод замяшчаць каля 4,5 млрд куб метраў прыроднага газу.
Міністр таксама канстатаваў, што ў рэспубліцы расце ўзровень спажывання электрычнасці. За 10 месяцаў 2021 года аб`ём спажывання павялічыўся на 2 млрд кВтч у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года.
Мінск, 24 лістапада 2021
Sputnik
Sputnik