Кіраўнік дзяржавы ў час сходу абазначыў праблемныя пытанні ў дзейнасці спажывецкіх таварыстваў і магчымыя шляхі іх вырашэння. Свае даручэнні, заявіў Прэзідэнт, ён адрасуе не толькі новаму старшыні Белкаапсаюза. У роўнай ступені гэта, паводле яго слоў, датычыцца і ўрада, аблвыканкамаў, галіновых ведамстваў.
"Усе ў адной лодцы. І калі яна разгайдаецца і не дай бог перавернецца, схавацца ні ў кога не атрымаецца. Адкажа ўся вертыкаль улады. Інакш быць не можа, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Памятайце, Белкаапсаюз быў створаны людзьмі і для людзей. Ваша сістэма мае велізарны патэнцыял. Ніхто мяне ў іншым не пераканае. Вы можаце канкурыраваць па ўсіх напрамках. Галоўнае не сядзець склаўшы рукі, быць па-добраму агрэсіўнымі, прымяняць самыя сучасныя падыходы і бізнес-ідэі".
Прэзідэнт лічыць, што для гэтага ў спажыўкааперацыі ёсць усе рэсурсы: матэрыяльная база, вопытныя кадры і падтрымка дзяржавы. "Добрасумленна працуйце, давайце вынік. Пачніце з малога. Няхай будзе рэнтабельнасць 3 працэнты, 5 працэнтаў, 10 працэнтаў. Зачапіцеся за зарплату 800, потым 900, 1000 рублёў. Але кожны год трэба дэманстраваць дадатную дынаміку. Краіна не стаіць на месцы, таму вам трэба бегчы апераджальнымі тэмпамі. І гэта немагчыма без дысцыпліны і парадку. Разбярыцеся, ці ўсе кадры на сваіх месцах, ці ўсе аднолькава разумеюць неабходнасць працаваць дзень і ноч, каб хутчэй навярстаць упушчанае і развівацца далей", - даручыў кіраўнік дзяржавы.
"Страціце сваё - пойдзеце батракамі да гэтых сетак і гэтых жулікаў, якіх мне даводзіцца на месца ставіць у Мінску. Таму беражыце тое месца, якое ў вас. Гэта ваша месца, дзе вы павінны зарабляць і ўтрымліваць вашы сем`і. Агульны кантроль за работай спажыўкааперацыі па-ранейшаму застаецца за ўрадам, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам. У гэтай звязцы я вас не раздзяляю. Па выніках 2021 года чакаю даклада ў першым квартале 2022-га аб першых выніках праведзенай работы", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
8 кастрычніка 2021, Мінск
БЕЛТА
8 кастрычніка 2021, Мінск
БЕЛТА