"Рашэнне аб увядзенні санкцый абсалютна незаконнае і неабгрунтаванае. І церпяць ад яго ў першую чаргу звычайныя работнікі. Прычым не толькі тых арганізацый, якія трапілі ў санкцыйны спіс. Але і многіх іншых. Калі абмяжоўваецца работа аднаго прадпрыемства, гэта ў любым выпадку ўплывае і на іншых. Парушаюцца вытворчыя ланцужкі, скарачаюцца паступленні ў бюджэт. І самае галоўнае, у выніку людзі могуць застацца без работы і зарплаты. Гэта фактычна эканамічная вайна супраць простых беларусаў", - падкрэсліў Міхаіл Орда.
Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі ўжо звярнулася ў Савет па правах чалавека Арганізацыі Аб`яднаных Нацый са скаргай на дзеянні Еўрасаюза. Паколькі ў рэзалюцыях ААН не раз падкрэслівалася, што санкцыі заўсёды аказваюць сур`ёзнае ўздзеянне на эканамічныя і сацыяльныя правы людзей і ўшчамляюць права на працу.
"Ствараецца ўражанне, што еўрапейскія чыноўнікі бачаць толькі тое, што хочуць бачыць. І проста ігнаруюць міжнароднае права. Пры гэтым яны маніпулююць грамадскай думкай. Прыкрываюцца тым, што нібыта нашы работнікі самі выступаюць за абмежаванне свайго права на працу. Мы запыталіся ў людзей, ці гатовы яны застацца без работы, без зарплаты і іншых выплат. Як гэта, напрыклад, здарылася ў выніку санкцый з работнікамі беларускага санаторыя ў Літве. 26 студзеня мы апублікавалі калектыўнае адкрытае пісьмо аб нязгодзе працоўных Беларусі з увядзеннем эканамічных санкцый. Літаральна за тры дні 1 113 000 работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый краіны падпісалі гэта пісьмо. Людзі з розных галін па ўсёй краіне, задзейнічана больш за 21 тыс. пярвічных прафсаюзных арганізацый", - адзначыў старшыня ФПБ.
Міхаіл Орда падкрэсліў, што цяпер прафсаюзы фарміруюць спісы і ў бліжэйшы час маюць намер адправіць усе сабраныя подпісы ў Савет Еўрапейскага саюза. "Каб нагадаць еўрапейскім палітыкам, што ніхто, у тым ліку Еўрасаюз, не мае права пазбаўляць людзей работы і заработнай платы. Таксама нас здзіўляе той факт, што за пагаршэнне становішча работнікаў, за тое, каб пакінуць іх без заработку, у нас выступаюць асобныя арганізацыі, якія называюць сябе прафсаюзамі. Гэта значыць тыя, хто ў першую чаргу павінен змагацца за захаванне працоўных месцаў, за тое, каб у людзей была заработная плата i iншыя гарантаваныя выплаты. Гэта нонсэнс. І тая рыса, за якой гэтыя арганізацыі ператвараюцца ў псеўдапрафсаюзы", - дадаў ён.
У прэс-службе нагадалі, што пазіцыю ФПБ падтрымліваюць замежныя прафсаюзы. Заяву аб недапушчальнасці санкцыйнай палітыкі і абмежавання права на працу прынялі ўжо больш за дзясятак буйнейшых міжнародных прафсаюзных аб`яднанняў СНД і Еўропы. Адпаведныя пісьмы аб салідарнасці і падтрымцы работнікаў беларускіх прадпрыемстваў паступаюць у адрас Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
29 студзеня 2021, Мінск
БЕЛТА
29 студзеня 2021, Мінск
БЕЛТА