Цяпер тут працягваюцца работы па энергетычнаму пуску першага энергаблока. Падчас выканання гэтай задачы правялі ўжо больш як 200 выпрабаванняў і даследаванняў, а таксама ў другі раз спынілі рэактар.
Першае адключэнне блоку ад энергасеткі (8 лістапада) стала нечаканасцю — тады спатрэбілася 11 дзён, каб замяніць трансфарматары напружання, што выйшлі са строю, і зноў уключыць рэактар. Пра магчымасць другога спынення энергаблоку падчас далейшых работ спецыялісты ўжо папярэджвалі загадзя, спасылаючыся на сусветную практыку ўводу ў эксплуатацыю атамных станцый.
Падчас энергетычнага пуску праводзяцца найбольш важныя эксплуатацыйныя выпрабаванні, у тым ліку праверка адпаведнасці фізічных параметраў і характарыстык абсталявання і сістэм праектным. Гэты этап прадугледжвае таксама асваенне магутнасці рэактара да 50 % ад намінальнай з уключэннем у сетку генератара, падкрэсліваецца на сайце міністэрства.
1 снежня ў Тэлеграм-канале Мінэнерга значылася, што падчас аднаго з чарговых выпрабаванняў «з’явілася неабходнасць дадатковай карэкціроўкі работы накрывак шумапаглынальнікаў пары». А ўжо 3 снежня адбылося «планавае адключэнне першага энергаблоку ад энергасістэмы», паведамілі ў міністэрстве і паабяцалі, што «тэставанне ўсіх сістэм і абсталявання працягнецца да 11 снежня».
Па апошняй інфармацыі, Мінэнерга абяцае ў самы бліжэйшы час завяршыць энергетычны пуск і зноў падключыць энергаблок да сеткі, а таксама перайсці да наступнага этапу — доследна-прамысловай эксплуатацыі.
На сайце Мінэнерга змешчаны звесткі пра ход будаўніцтва БелАЭС, дзе на першым энергаблоку ўказваецца выпрацоўка электраэнергіі 136,9 млн кВт·г. А таксама прадугледжана магчымасць прасачыць за лічбамі радыяцыйна-экалагічнага маніторынгу ад Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды. На 10 снежня ўзровень магутнасці дозы гама-выпраменьвання ў Мінску, Брэсце, Гродна і Віцебску складалі 10 мкР/г, у Гомелі — 11 мкР/г, у Магілёве – 12 мкР/г.
На рэактары № 2 цяпер праводзяцца перадпускавыя наладачныя работы, якія прадугледжваюць прыёмку сістэм і абсталявання з мантажу, паслямантажную ачыстку абсталявання і трубапровадаў, выпрабаванні на шчыльнасць і трываласць, а таксама выпрабаванні машын і механізмаў на халастой хадзе, паведамляецца на сайце Мінэнерга. У блок гэтых работ уваходзіць таксама падрыхтоўка абсталявання рэактарнай устаноўкі для работы ва ўмовах халодна-гарачай абкаткі. Ступень гатоўнасці будаўніча-мантажных работ на другім энергаблоку ацэньваецца ў 75 %.
Ірына Сідарок
Звязда, 13 снежня 2020
Звязда, 13 снежня 2020