Паводле слоў дыпламата, насуперак песімістычным прагнозам аб значным зніжэнні дзелавой актыўнасці і скарачэнні знешнегандлёвага абароту Беларусі і Узбекістану ўдалося падтрымаць рэкордныя аб`ёмы ўзаемнага гандлю 2019 года. У студзені-чэрвені агульны аб`ём тавараабароту паміж краінамі склаў амаль $110 млн (практычна 97 працэнтаў да ўзроўню аналагічнага перыяду 2019-га). Пры гэтым беларускі экспарт, без уліку нафты і нафтапрадуктаў, склаў $87,5 млн, або 100,2 працэнта да адпаведнага перыяду мінулага года. Імпарт узбекскіх тавараў перасягнуў $21,2 млн (86,9 працэнта).
"Таварная структура беларускага экспарту ва Узбекістан у бягучым годзе даволі разнастайная - амаль 300 таварных пазіцый, якія прадстаўляюць практычна ўсе галіны вытворчасці нашай краіны, - сказаў Леанід Марыніч. - Што характэрна, у параўнанні з 2019 годам на ўзбекскім рынку з`явілася шмат новых беларускіх тавараў - 87 пазіцый на суму больш як $10 млн. Гэта прадукцыя нафтахімічнай і лёгкай прамысловасці, вырабы з паперы, прадметы гігіены. Шырока прадстаўлена на ўзбекскім рынку прадукцыя сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці Беларусі".
Беларускія прадпрыемствы істотна нарасцілі пастаўкі ва Узбекістан ялавічыны, мяса птушкі, цукру, малака і вяршкоў згушчаных, сыроў і тварагу. Ва ўзбекскіх спажыўцоў ужо ёсць магчымасць прадэгуставаць кандытарскія вырабы з Беларусі - яны прадстаўлены ў вялікіх гандлёвых сетках у сталіцы і рэгіёнах Узбекістана, адзначыў пасол.
Пашырылі сваю прысутнасць ва Узбекістане беларускія вытворцы лекавых сродкаў, вакцын, вітамінаў, сродкаў для дэзынфекцыі. "Нягледзячы на значную адлегласць паміж нашымі краінамі, мае перспектывы росту продажаў прадукцыя дрэваапрацоўчай галіны. Ва Узбекістан пастаўляюцца ўжо беларуская мэбля, шпалеры, розныя віды паперы і кардону", - канстатаваў дыпламат.
На думку пасла, будаўнічы бум, які перажываюць Ташкент і іншыя вялікія гарады Узбекістана, у тым ліку дзякуючы дзяржаўным праграмам будаўніцтва жылля, раскрывае новыя магчымасці для прасоўвання беларускіх сантэхнічных вырабаў і керамічнай пліткі, халадзільнікаў і пральных машын, газавых і электрычных пліт.
"Нягледзячы на складанасці, абумоўленыя наступствамі пандэміі COVID-19, нашы экспарцёры прыкладаюць намаганні па захаванні традыцыйных пазіцый беларускай прамысловасці на ўзбекскім рынку. На жаль, па выніках першага паўгоддзя пакуль можна канстатаваць спад аб`ёмаў паставак ва Узбекістан грузавых аўтамабіляў, трактароў і запасных частак да іх, камбайнаў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі беларускай вытворчасці. Сумесна з узбекскімі партнёрамі нашых флагманаў прамысловасці - БелАЗ, МТЗ, МАЗ, "Амкадор", "Гомсельмаш" - прыкладаюцца намаганні як па паглыбленні вытворчай кааперацыі, так і па выкарыстанні магчымых фінансавых інструментаў садзейнічання экспарту. У прыватнасці, гэта розныя формы экспартнага крэдытавання і лізінгу, - расказаў Леанід Марыніч. - Беларускія вытворцы грамадскага транспарту - аўтобусаў і электробусаў - не страчваюць надзеі на ўдзел у тэндарах па мадэрнізацыі гарадской транспартнай інфраструктуры Ташкента і іншых гарадоў Узбекістана. Для гэтага ў нас ёсць усе тэхналагічныя магчымасці, паспяховыя вынікі выпрабаванняў і вялікі вопыт рэалізацыі аналагічных праектаў у іншых краінах".
У пасольстве дадалі, што важнейшым фактарам пашырэння беларускіх тавараў на рынку Узбекістана з`яўляецца арганізацыя выставачных форумаў, прэзентацый. Там адзначылі, што гэта не толькі спецыфіка Усходу, але і надзённая неабходнасць прадставіць якасць беларускай прадукцыі непасрэдна спажыўцу.
"Каранцінныя абмежаванні ўнеслі прыкрыя карэктывы ў нашы планы з узбекскімі партнёрамі ў гэтым годзе. Мы вельмі разлічваем на стабілізацыю сітуацыі з каранавірусам, паўнацэннае аднаўленне транспартных зносін паміж нашымі краінамі і правядзенне ў другім паўгоддзі шэрага значных сумесных двухбаковых мерапрыемстваў. У прыватнасці, гэта правядзенне ў Ташкенце восьмага пасяджэння сумеснай міжурадавай камісіі па двухбаковым супрацоўніцтве, а таксама маштабнай выстаўкі Made in Belarus", - дадаў пасол.
5 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА
5 жніўня 2020, Мінск
БЕЛТА