"Мы ў Беларусі не сталі ламаць тое, што было. Захоўваючы патэнцыял з савецкіх часоў, мы прырастаем новым. Гэта значыць, мы не пайшлі на перамены і рэформы дзеля таго, каб усё дашчэнту зламаць, а потым, маўляў, мы пабудуем. Можна было гэта зрабіць. Але для гэтага патрэбны не сотні мільярдаў долараў, а, можа, трыльён долараў. Такіх грошай у нас няма, ды і ні ў адной іншай такой краіне. І нікому не верце, што заваляць грашамі і з верталёта яшчэ будуць скідваць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка прывёў прыклад: на тэрыторыі Мінскай вобласці з удзелам кітайскіх сяброў рэалізуюцца два праекты, якія маюць стратэгічнае значэнне для краіны. Па-першае, гэта Кітайска-беларускі парк "Вялікі камень", які прызначаны стаць адным з ключавых пунктаў ініцыятывы "Пояс і шлях" у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. "Тонкая хімія, біятэхналогіі, электроніка, машынабудаванне, новыя матэрыялы. У гэтых сферах ляжыць не толькі новая якасць эканомікі Мінскай вобласці, але і істотнае павышэнне канкурэнтаздольнасці нашай краіны", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адно прадпрыемства - Беларуская нацыянальная біятэхналагічная карпарацыя. "Гэта самыя высокія тэхналогіі. Глыбокую перапрацоўку збожжа з атрыманнем амінакіслот ажыццяўляюць лічаныя дзяржавы свету. Гэты праект цалкам укладваецца ў напрамкі развіцця на наступную пяцігодку - якасць, экспарт, імпартазамяшчэнне", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Гаворачы аб прадпрыемствах, якія дасталіся з савецкага перыяду, Прэзідэнт згадаў БЕЛАЗ, дзе цяпер робяць самую сучасную кар`ерную тэхніку. "Зусім няшмат дзяржаў, якія вырабляюць гэтыя аўтамабілі. Мы сёння трымаем практычна 30 працэнтаў рынку такіх аўтамабіляў. Мы першымі стварылі супераўтамабіль грузападымальнасцю 450 т. Я кіраваў гэтым аўтамабілем: дзіўна, не складаней, чым "Мерседэсам". Гэта сапраўды вялікае дасягненне і гонар краіны - вырабляць такую тэхніку. Цяпер ужо ўзяліся за наступнае пакаленне - беспілотныя тэхналогіі. З расіянамі разам мы гэта робім, і гэта будучыня нашага аўтамабілебудавання. Паводле маёй інфармацыі, выпрабаванні праходзяць ужо", - расказаў кіраўнік дзяржавы.
Акрамя таго, за апошнія гады ў сталічным рэгіёне арганізавана серыйная вытворчасць легкавых аўтамабіляў, будзе пашырацца лінейка, павышацца лакалізацыя, і ў гэтым таксама стаяць вялікія задачы ў галіне імпартазамяшчэння. Яшчэ адна новая вытворчасць - "Штадлер Мінск", якая выпускае чыгуначную тэхніку.
"У нас яшчэ вялікая паляна неасвоеных ідэй. І нават не ідэй, а вядомых у свеце тэхналогій. І ў гэтым напрамку нам трэба рухацца, паглыбляцца. У гэтым нашы асноўныя інвестыцыі. І самае галоўнае: у нас ёсць людзі - кадры, якія гэта разумеюць і могуць гэта рабіць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што некаторыя прапануюць масава пусціць у Беларусь міжнародныя карпарацыі, у якіх ёсць рынкі і грошы, каб яны, фактычна, скупілі айчынныя прадпрыемствы. Прэзідэнт упэўнены, што такі падыход сябе не апраўдае. "Ніколі такога не было, не ашчаслівяць", - сказаў ён.
26 чэрвеня 2020, Салігорск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА
26 чэрвеня 2020, Салігорск
Уладзімір Мацвееў - БЕЛТА