Дагавор разлічаны на тры гады і прадугледжвае селекцыйную работу з птушкай і атрыманне племяннога маладняку яечнага напрамку. Венгерскі партнёр будзе пастаўляць 1-й Мінскай птушкафабрыцы сутачных прабацькаўскіх куранят ад зыходных ліній яечных кросаў Тэтра карычневы і Тэтра белы для паляпшэння якасных паказчыкаў беларускага кроса і забеспячэння яечных птушкафабрык Беларусі бацькоўскімі формамі. Агульная сума дагавора складае больш за 3,4 млн еўра. Дзякуючы гэтаму праекту з бягучага года Беларусь практычна вызваляецца ад імпарту племянных статкаў курэй-нясушак, а пачынаючы з 2023 года зможа поўнасцю забяспечыць айчынны рынак уласнай пародай курэй яечнага напрамку сусветнага ўзроўню.
Намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ігар Брыло ў час перагавораў адзначыў, што тавараабарот паміж Беларуссю і Венгрыяй пастаянна расце, па выніках 2019 года гэты паказчык павялічыўся больш як на 10 працэнтаў, у студзені-сакавіку бягучага года тавараабарот паміж краінамі таксама вырас у параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года. "Мы зацікаўлены ў пастаўках венгерскай кукурузы, буйной рагатай жывёлы, птушкі. Гэта тыя напрамкі сельскагаспадарчага сектара Венгрыі, якія вельмі значна развіты. Адносіны паміж нашымі краінамі складваюцца на высокім палітычным узроўні, таксама ў нас поўнае разуменне з калегамі з аграпрамысловага комплексу", - паведаміў намеснік міністра.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Венгрыі ў Беларусі Жолт Чутара таксама падкрэсліў высокі ўзровень двухбаковых адносін. "У Венгрыі многае ведаюць аб Беларусі і аб высокім узроўні сельскай гаспадаркі. Добра, калі паміж краінамі праводзяцца такія перагаворы, якія прыводзяць да таго, што кампаніі пачынаюць рэалізацыю буйных праектаў. Мы будзем вельмі рады такім чынам дапамагчы развіццю птушкагадоўлі Беларусі", - адзначыў дыпламат.
З беларускага боку дагавор падпісаў выконваючы абавязкі генеральнага дырэктара ААТ "1-я Мінская птушкафабрыка" Дзмітрый Казакевіч, з венгерскага - саўладальнік кампаніі "Бабална Тэтра" Дэрдзь Буза.
4 чэрвеня 2020, Мінск
Кацярына Марковіч - БЕЛТА
4 чэрвеня 2020, Мінск
Кацярына Марковіч - БЕЛТА