Арганізатарамі канферэнцыі з расійскага боку выступіла партыя "Правое дело" і рух "Выбор России", з беларускага — Аб`яднаная грамадзянская партыя (АГП) і Навукова-даследчы цэнтр Мізеса, які ўзначальвае эканаміст Яраслаў Раманчук, прэтэндэнт на пост прэзідэнта Беларусі ад АГП. Першая такая канферэнцыя прайшла год таму у Мінску.
Як паведаміў БелаПАН напярэдадні ад`езду ў Маскву старшыня АГП Анатоль Лябедзька, удзельнікі сустрэчы абмяркуюць усе аспекты беларуска-расійскіх стасункаў. - Канферэнцыя — гэта пляцоўка для ўзаемадзеяння палітыкаў, экспертаў, журналістаў дзвюх краін. Мы разумеем, што неабходна выпрацаваць адказныя рашэнні, якія закранаюць беларуска-расійскія стасункі, прыцягваць да іх распрацоўкі грамадзянскую супольнасць, — сказаў палітык.
Паводле інфармацыі Лябедзькі, у канферэнцыі плануецца ўдзел такіх расійскіх палітыкаў, як Уладзімір Рыжкоў, Барыс Нямцоў, Леанід Гозман і іншых.
Сярод удзельнікаў з беларускага боку, акрамя Лябедзькі і Раманчука, — лідэр Беларускай партыі левых "Справядлівы свет" Сяргей Калякін, кіраўнік і эксперт аналітычнага цэнтра "Стратэгія" Леанід Заіка і Валерый Карбалевіч, дырэктар сацыялагічнай лабараторыі "Новак" Андрэй Вардамацкі і іншыя.
Лябедзька таксама паведаміў, што ў Маскве прадстаўнікі АГП правядуць шэраг сустрэч з расійскімі палітыкамі і экспертамі па-за межамі канферэнцыі, паведамляе БелаПАН.
30 жніўня 2010