Як паведамляе Беларуская рэдакцыя парталу Vatican News, дакумент, падрыхтаваны Дыкастэрыямі веравучэння і па культуры і адукацыі, які складаецца са 117-і параграфаў, падкрэслівае фундаментальную розніцу паміж чалавечым і штучным інтэлектам.
Само выкарыстанне тэрміна «інтэлект» у дачыненні да АІ у ватыканскім дакуменце называецца «памылковым»: у той час як чалавечы інтэлект фармуецца праз цялесны досвед і міжасобасныя адносіны, АІ з’яўляецца толькі прадуктам чалавечай дзейнасці і не валодае сапраўднай здольнасцю да самаразвіцця.
Святым Пасадам выказваецца сур’ёзная занепакоенасць адносна выкарыстання АІ ў ваеннай сферы. Як адзначыў Папа Францішак падчас сустрэчы G7 у Апуліі, «ніводная машына не павінна вырашаць пытанне жыцця і смерці чалавека». Аўтаномная зброя, здольная дзейнічаць без чалавечага кантролю, разглядаецца як сур’ёзная пагроза для чалавецтва.
У эканамічнай сферы адзначаецца, што АІ можа як павысіць прадукцыйнасць працы і стварыць новыя працоўныя месцы, так і прывесці да дэкваліфікацыі работнікаў, падпарадкаваць іх аўтаматызаванаму нагляду і абмежаваць іх функцыі жорсткімі і паўтаральнымі задачамі. Выклікае занепакоенасць канцэнтрацыя ўлады над АІ у руках невялікай колькасці буйных кампаній. Гэта можа прывесці да паглыблення сацыяльнай няроўнасці і лічбавага разрыву.
У сферы аховы здароўя дакумент папярэджвае пра рызыку стварэння «медыцыны для багатых». Хоць АІ можа значна палепшыць дыягностыку і лячэнне, важна забяспечыць роўны доступ да гэтых тэхналогій для ўсіх слаёў насельніцтва.
Асаблівая ўвага ў дакуменце надаецца пытанням адукацыі.
Падкрэсліваецца, што выкарыстанне АІ не павінна весці да страты крытычнага мыслення ў вучняў і студэнтаў. Сістэмы АІ павінны дапамагаць у навучанні, а не замяняць традыцыйныя метады адукацыі.
У сферы экалогіі дакумент адзначае дваістасць уплыву АІ. З аднаго боку, тэхналогіі дапамагаюць у прагназаванні экстрэмальных кліматычных з’яў і ў кіраванні ўстойлівай сельскай гаспадаркай. З другога боку, самі сістэмы АІ спажываюць значную колькасць энергіі і вады, павялічваючы выкіды CO₂.
Аўтары дакумента закранаюць пытанні прыватнасці і свабоды веравызнання, падкрэсліваючы, што лічбавы нагляд можа выкарыстоўвацца для кантролю над жыццём вернікаў і праявамі іх веры.
Дакумент таксама звяртае ўвагу на праблему дэзінфармацыі і фэйкаў. АІ можа генерыраваць маніпуляцыйны кантэнт і фальшывую інфармацыю, што патрабуе пільнай праверкі дакладнасці матэрыялаў.
У заключнай частцы дакумента падкрэсліваецца, што АІ павінен заставацца выключна інструментам, які дапамагае чалавеку, а не замяняе яго. Існуе сур’ёзная небяспека «ідалапаклонства перад штучным інтэлектам». Чалавек можа трапіць у пастку: спрабуючы стаць роўным Богу праз стварэнне разумных машын, ён у выніку сам становіцца рабом створанай ім жа тэхналогіі.
Гэта — своеасаблівая форма ідалапаклонства, дзе чалавек спачатку ўзвышае сябе як стваральніка, а потым трапляе ў залежнасць ад створанага ім прадукту.
Дакумент скіраваны не толькі да бацькоў, настаўнікаў і духавенства, але і да ўсіх, хто падтрымлівае неабходнасць этычнага развіцця тэхналогій на карысць чалавека і агульнага дабра.
Catholic.by, 29 студзеня 2025