https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Місія МВФ пачала працу ў Мінску


Місія Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) па ацэнцы бягучай эканамічнай палітыкі пачала сваю працу ў Мінску 21 чэрвеня.
"Місія на чале з Пітэрам Долманам будзе працаваць з 21 па 30 чэрвеня. Яна правядзе ацэнку бягучай эканамічнай палітыкі і штогадовыя кансультацыі з уладамі па артыкуле IV статута фонду. У ходзе місіі адбудуцца сустрэчы з прадстаўнікамі ўрада, цэнтральнага банка, прыватнага сектара, навуковай супольнасці і прафесійных арганізацый", — паведамілі ў прадстаўніцтве фонду ў Мінску.

Афіцыйная мэта візіту — ацэнка эканамічнай сітуацыі, па выніках якой эксперты МВФ падрыхтуюць даклад. Аднак вядома, што беларускія ўлады маюць намер абмеркаваць з прадстаўнікамі МВФ у тым ліку ўмовы заключэння новай крэдытнай праграмы.

Беларусь запытвае ў Міжнароднага валютнага фонду крэдыт на 3 млрд. долараў пад 2,28% гадавых тэрмінам на 10 гадоў. Пра гэта заяўляў прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў 1 снежня 2015 года на нарадзе ў прэзідэнта.

Кабякоў адзначыў, што Беларусі "неабходна прыцягнуць на як мага больш камфортных умовах па тэрмінах і кошце рэсурсы МВФ". Лукашэнка ў адказ заявіў, што гэта "добры крэдыт, з добрым аб`ёмам рэсурсаў і добрым працэнтам". "Ніхто нам, у тым ліку і расіяне, пад такія працэнты крэдытаў не дае. Нам гэта выгадна", — сказаў ён.

Выступаючы напярэдадні ўвечары, 20 чэрвеня, з публічнай лекцыяй у галерэі партала tut.by, кіраўнік місіі МВФ Пітэр Долман канстатаваў, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў рэцэсіі, на краіну пастаянна ўплываюць "неспрыяльныя знешнія шокі", і каб пераадолець цяжкія часы, МВФ рэкамендуе правесці шэраг рэформаў. "Мы заклікаем правесці глыбокія рэформы для стабілізацыі эканомікі і забеспячэння эканамічнага росту і росту дабрабыту ў сярэднетэрміновай перспектыве", — сказаў Долман.

Персанал фонду назірае сёння больш высокую гатоўнасць беларускіх уладаў праводзіць рэформы, чым раней, адзначыў ён.

"Мы бачылі скарачэнне тэмпаў росту зарплат, абмежаванне аб`ёмаў дырэктыўнага крэдытавання, нягледзячы на выбары. Мы назіралі таксама скарачэнне маштабаў цэнавага рэгулявання, і гэта станоўчыя захады, але мы лічым, што неабходна праводзіць больш маштабныя рэформы", — падкрэсліў Долман.

На мінулым тыдні першы намеснік міністра фінансаў Максім Ермаловіч заявіў агенцтву Рэйтэр, што ўрад Беларусі выканаў усе папярэднія ўмовы МВФ для атрымання новага крэдыту. У прыватнасці, улады павысілі тарыфы на жыллёва-камунальныя паслугі, абмежавалі бюджэтныя выдаткі, ствараюць адзіны антыманапольны орган.

Апошняя місія фонду працавала ў Беларусі ў лістападзе 2015 года. Тады Пітэр Долман заявіў, што праграма, якую МВФ абмяркоўвае з беларускімі ўладамі, мае на ўвазе глыбокія структурныя рэформы. "Гаворка ідзе пра трохгадовую праграму з акцэнтам на глыбокія структурныя рэформы. Яны павінны быць нацэлены на павышэнне ролі прыватнага сектара ў прыняцці эканамічных рашэнняў", — падкрэсліваў Долман.

У 2009—2010 гадах Беларусь атрымала ад МВФ у рамках праграмы stand-by пяць траншаў крэдыту на агульную суму 3,46 млрд. долараў.

Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 21 чэрвеня 2016
 
Дата публикации:21.06.2016
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:670
 
Ключевые слова:
Беларусь-МВФ Кредиты Реформы Финансы
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме