Дакумент быў падтрыманы. У час пасяджэння паступілі прапановы, з улікам якіх ён будзе яшчэ дапрацаваны, а потым зацверджаны пастановай Саўміна.
Адкрываючы пасяджэнне, прэм`ер-міністр Андрэй Кабякоў адзначыў, што перад аўтарамі стратэгіі стаяла задача ўлічыць у ёй сусветныя тэндэнцыі, якія абумоўліваюць рызыкі для ўстойлівага развіцця краіны. Маюцца на ўвазе і змяненні цэн на энерганосьбіты, запаволенне тэмпаў росту сусветнай эканомікі, змяненні клімату. "Мы павінны ўлічваць, што істотна зменяцца і ўнутраныя ўмовы. Напрыклад, будаўніцтва атамнай электрастанцыі паўплывае на баланс энергасістэмы. Неабходна прадугледзець магчымасці эфектыўнага выкарыстання ўводзімых энергетычных магутнасцей, стварэння звязаных з гэтым прамысловых вытворчасцей і іншых аб`ектаў спажывання і назапашвання энергіі ў гадзіны мінімальных нагрузак", - сказаў прэм`ер-міністр. Да важных пытанняў адносіцца стратэгія рэгіянальнага размяшчэння прадукцыйных сіл, забеспячэнне нацыянальнай бяспекі ў эканамічнай, дэмаграфічнай, экалагічнай і іншых сферах, дадаў Андрэй Кабякоў.
"Прыярытэт у развіцці эканомікі павінен быць накіраваны на стварэнне вытворчасцей на аснове мясцовых рэсурсаў, у тым ліку ў складзе Еўразійскага эканамічнага саюза - у ЕАЭС вытворчасць прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю па поўным тэхналагічным цыкле", - сказаў кіраўнік урада.
Прадстаўляючы дакумент, міністр эканомікі Уладзімір Зіноўскі адзначыў, што ў дакуменце стратэгічныя прыярытэты доўгатэрміновага развіцця выбудоўваліся па трох асноўных кампанентах - чалавек, эканоміка, экалогія. Паводле яго слоў, трэба будзе распрацаваць дзейсныя механізмы па далейшым павышэнні ўзроўню нараджальнасці насельніцтва, паляпшэнні яго здароўя, зніжэнні смяротнасці. Давядзецца вырашыць амбіцыйную задачу - увайсці ў першыя 40 краін з вельмі высокім узроўнем чалавечага развіцця. У 2013 годзе Беларусь займала 53-е месца сярод 187 краін сусветнай супольнасці па індэксе чалавечага развіцця.
Стратэгія прадугледжвае два этапы. На першым, у 2016-2020 гадах, чакаецца пераход да збалансаванага росту эканомікі на аснове яе структурнай трансфармацыі з улікам прынцыпаў экалагічнасці, прыярытэтаў развіцця высокатэхналагічных вытворчасцей. Другі этап - гэта 2021-2030 гады. Галоўная яго мэта - падтрыманне ўстойлівасці развіцця, у аснове якога павышэнне якасці чалавечага патэнцыялу, паскоранае развіццё навукаёмістых вытворчасцей і паслуг, далейшае станаўленне зялёнай эканомікі.
Чаканымі вынікамі рэалізацыі намечаных стратэгіяй задач павінны стаць павелічэнне працягласці жыцця да 77 гадоў, рост ВУП за 2016-2030 гады ў паўтара-два разы, рост удзельнай вагі затрат на ахову навакольнага асяроддзя да 2-3 працэнтаў да ВУП у 2030 годзе.
Нацыянальная стратэгія ўстойлівага развіцця Беларусі да 2030 года будзе выкарыстоўвацца рэспубліканскімі органамі дзяржкіравання, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам у якасці асновы для распрацоўкі сярэднетэрміновых праграм і гадавых прагнозаў сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі, а таксама праграмы прагнозаў развіцця адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак.
10 лютага, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА
10 лютага, Мінск
Святлана Саўко - БЕЛТА