https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


Беларусь зацікаўлена ў тым, каб яе адносіны з ЕС былі "фармалізаваныя, пастаўлены на салідную аснову, дзе былі б дакладна зафіксаваныя ўзаемныя выгоды ад такога супрацоўніцтва"


Пра гэта заявіў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей, размаўляючы з журналістамі 29 лістапада ў Вільнюсе на саміце Усходняга партнёрства.
На пытанне аб магчымасці падпісання пагаднення аб асацыяцыі паміж Беларуссю і ЕС у перспектыве Макей адказаў: "На дадзеным этапе мы вельмі шчыльна працуем над інтэграцыйнымі працэсамі ў межах Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Бачым там канкрэтныя выгоды і перавагі для Беларусі. Удзел у гэтым праекце дапамагае нам прымаць шэраг мер па мадэрнізацыі нашай эканомікі і прадпрыемстваў. Але гэта не азначае, што мы поўнасцю закрываемся ад супрацоўніцтва з ЕС. Наадварот, мы зацікаўленыя ў вельмі цесным і плённым супрацоўніцтве з ЕС".

Макей падкрэсліў, што Еўрасаюз з`яўляецца другім пасля Расіі гандлёва-эканамічным партнёрам для Беларусі. "Мы маем намер працаваць вельмі шчыльна па розных кірунках і розных галінах, у першую чаргу гандлёва-эканамічнай", — сказаў ён.

Аднак, адзначыў Макей, ніхто не застрахаваны ад таго, што ў наступным сітуацыя можа змяніцца.

"На сёння мы не вядзем размову пра тое, каб парафіраваць ці падпісваць пагадненне аб асацыяцыі з ЕС, — заявіў кіраўнік беларускага МЗС. — Мы гаворым пра тое, што на дадзеным этапе кожная краіна — удзельніца УП бачыць па-свойму ўзровень сваёй сувязі з ЕС. Хтосьці хоча ў канчатковым выніку стаць членам ЕС, хтосьці хоча мець вельмі цесныя адносіны з ЕС. Мы хочам мець нармальныя палітычныя і гандлёва-эканамічныя адносіны з ЕС. Я не выключаю, што ў наступным можа ісці размова пра нейкія больш цесныя адносіны з ЕС".

Макей таксама зазначыў, што сацыялагічныя даследаванні, праведзеныя ў ЕС, паказваюць: "беларусы адчуваюць сябе еўрапейцамі нават больш, чым грамадзяне некаторых нашых суседніх краін". Пра якія менавіта краіны ідзе размова, ён удакладняць не стаў.

Кажучы аб мінулым саміце Усходняга партнёрства, кіраўнік МЗС падкрэсліў: "Ад саміта не чакалі і не чакаем якіхсьці прарыўных рэчаў. Але ён быў вельмі важным з пункта гледжання яго пазітыўнага кантэксту, пазітыўнай атмасферы, таму што сама гэтая атмасфера стварае магчымасць для прыняцця далейшых крокаў, скіраваных на нармалізацыю нашых адносінаў з ЕС і нават на далейшае паглыбленне і пашырэнне супрацоўніцтва".

Паводле слоў Макея, Беларусь прапанавала "падрыхтаваць шэраг канкрэтных праектаў у межах Усходняга партнёрства". "Але яны павінны быць арыентаваныя на канкрэтных людзей. Любая ініцыятыва карысная толькі тады, калі карысць ад яе адчуваюць простыя людзі. Людзі павінны атрымліваць канкрэтныя выгоды ад удзелу ў тым ці іншым праекце", — заявіў беларускі міністр.

Пры гэтым ён дадаў: "Мы, на жаль, у двухбаковым трэку ў межах Усходняга партнёрства пакуль не бярэм удзел. Нас ізалявалі ў сілу пэўных праблем. Але мы бярэм удзел у шматбаковым трэку і заўсёды казалі нашым еўрапейскім партнёрам, што не трэба рабіць якіх-небудзь негатыўных крокаў у дачыненні да Беларусі".

Макей патлумачыў, што Беларусь робіць "значны ўнёсак у агульную стабільнасць і бяспеку ў Еўропе".

"Еўропа не мае ніякіх праблем з транзітам вуглевадародаў з Расіі, няма тэрытарыяльных у нас прэтэнзій, мы змагаемся з трансмежавай злачыннасцю, нелегальнай міграцыяй, гандлем людзьмі. Усё гэта — унёсак Беларусі ў арганізацыю еўрапейскай бяспекі. Адмаўляць гэтага не можа ніхто, таму трэба садзіцца за стол, абмяркоўваць наяўныя праблемы і ў канструктыўным духу знаходзіць іх вырашэнне", — заявіў Уладзімір Макей.

Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Вільнюс, 29 лістапада 2013
 
Дата публикации:29.11.2013
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:1001
 
Ключевые слова:
Беларусь-Евросоюз Товарооборот Санкции Вільня Саммит
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме