Еўразійскі банк развіцця (ЕАБР) атрымаў гарантыі ўрада Беларусі ў 2013 годзе ў пагашэнні крэдыту, які гэты банк выдасць ААТ "Беларускі металургічны завод".
Гарантыі ўрада прадастаўляюцца ЕАБР у пагашэнні крэдыту на 141 млн. еўра, што выдаецца ААТ "Беларускі металургічны завод - кіруючая кампанія холдынга "Беларуская металургічная кампанія", а таксама ў выплаце працэнтаў і іншых плацяжоў за карыстанне згаданай гарантаванай пазыкай. Крэдыт выдаецца тэрмінам на 10 гадоў і прызначаны для фінансавання інвестпраекта па арганізацыі вытворчасці сартавога пракату з будаўніцтвам драбнасортна-драцянога стана.
Плата за прадастаўленне гарантыі ўрада праводзіцца аднаразова ў памеры 0,01 працэнта ад сумы гарантаванай пазыкі. Гарантыя выдаецца пасля заключэння крэдытнага дагавора аб прадастаўленні неаднаўляльнай крэдытнай лініі паміж ЕАБР і ААТ "БМЗ", а таксама дагавора аб парадку выкарыстання і пагашэння гарантаванай пазыкі паміж Міністэрствам фінансаў, Міністэрствам прамысловасці, ААТ "БМЗ" і ААТ "ААБ Беларусбанк".
Беларускі металургічны завод заснаваны ў 1984 годзе. Прадпрыемства спецыялізуецца на вытворчасці літой загатоўкі, фасоннага, сартавога і арматурнага пракату, труб, металакорду, РМЛ і іншых відаў дроту. Пастаўкі таварнай прадукцыі за межы рэспублікі складаюць больш за 80 працэнтаў ад аб`ёму вытворчасці.
Еўразійскі банк развіцця з`яўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, заснаванай Расіяй і Казахстанам у студзені 2006 года з мэтай садзейнічання развіццю рыначнай эканомікі дзяржаў-удзельніц, іх устойліваму эканамічнаму росту і пашырэнню ўзаемных гандлёва-эканамічных сувязей. Статутны капітал ЕАБР перавышае $1,5 млрд. Дзяржавамі - удзельніцамі банка з`яўляюцца Арменія, Беларусь, Казахстан, Кыргызстан, Расія і Таджыкістан.
4 верасня 2013, Мінск
БЕЛТА