Паводле слоў Феранца, меркаваная плошча завода складзе прыкладна 4 тыс. кв. м, колькасць рабочых — 150—200 чалавек, а гадавы абарот новага прадпрыемства — прыкладна 20—22 млн. еўра. Каля 70% прадукцыі плануецца экспартаваць.
"У Беларусі прынята маштабная праграма мадэрнізацыі прамысловага комплексу, ствараюцца новыя вытворчасці і прадпрыемствы. Таму мы зацікаўленыя ў стварэнні вытворчага прадпрыемства ў вашай краіне, якое дазволіць стварыць беларускія высокадакладныя імпартазамяшчальныя гарызантальна-расточныя і іншыя станкі, знізіць адпускныя цэны і павялічыць аб`ёмы паставак прадукцыі на экспарт", — сказаў Феранц.
Ён таксама адзначыў, што цяпер рынак краін — удзельніц Мытнага саюза з`яўляецца адным з перспектыўных у развіцці экспарту металаапрацоўчага абсталявання.
У сваю чаргу Войтаў паведаміў, што ў межах рэалізацыі Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2011—2015 гады ў Беларусі плануецца стварэнне тысячы вытворчасцяў як на галіновым, так і на рэгіянальным узроўні. Паводле яго слоў, па дзяржаўных навукова-тэхнічных праграмах у галіне машынабудавання асвойваюцца прынцыпова новыя тэхналогіі стварэння новых тыпаў станкоў, якія выкарыстоўваюцца на айчынных і замежных рынках.
"Арганізацыя сумеснай вытворчасці ў Беларусі вельмі цікавая, у тым ліку і з пункту гледжання экспартнага патэнцыялу як у Расію і Казахстан, так і на рынкі трэціх краін, з якімі мы актыўна працуем і развіваем адносіны", — падкрэсліў Войтаў.
Абмяркоўваліся таксама магчымасці супрацоўніцтва з найбуйнейшымі машынабудаўнічымі і здабыўнымі прадпрыемствамі Беларусі і Расіі і з прадпрыемствамі ВПК, а таксама пытанні кадравага і навуковага забеспячэння.
Праграмай візіту кіраўніцтва кампаніі FERMAT запланавана наведванне Міністэрства прамысловасці Беларусі, ААТ "БелАЗ", ААТ "МЗОР" і іншых прадпрыемстваў.
Паводле інфармацыі прэс-службы ДКНТ, кампанія FERMAT была заснавана ў 1993 годзе. Цяпер аб`ядноўвае ў Еўропе (Чэхія, Славакія, Германія, Венгрыя, Румынія) шэсць незалежных кампаній, у якіх працуюць больш як 200 чалавек. Гадавы абарот за 2011 год дасягнуў 57 млн. еўра. Кампанія займае адно з вядучых месцаў у галіне пастаўкі новых і выкарыстаных металаапрацоўчых і фармовачных станкоў, мадэрнізаваных вертыкальных такарных станкоў, а таксама прэсаў, уключаючы прэсавыя лініі, і шліфавальных станкоў.
Таццяна Каравянкова, БелаПАН
Мінск, 12 сакавіка 2013