Місія МВФ працавала ў Мінску з 18 па 29 кастрычніка з мэтай правядзення трэцяга постпраграмнага маніторынгу беларускай эканомікі. Выніковая справаздача місіі будзе абмяркоўвацца саветам дырэктараў МВФ. Эксперты фонду сустрэліся з кіраўніцтвам Нацыянальнага банка, Міністэрства эканомікі, службовымі асобамі Адміністрацыі прэзідэнта.
"Для перамоў па магчыма новай праграме па-ранейшаму неабходная згода ўсіх службовых асоб, у тым ліку на самым высокім узроўні, адносна ўсёабдымнага пакета мер эканамічнай палітыкі, які атрымае дастатковую падтрымку з боку краін — членаў МВФ", — падкрэсліў Хофман.
У МВФ лічаць неабходным, каб такі пакет мер прадугледжваў паслядоўную палітыку, скіраваную на забеспячэнне макраэканамічнай стабільнасці, і абавязацельства рэалізоўваць глыбокія структурныя рэформы.
На думку МВФ, ключавыя структурныя рэформы павінны ўключаць: лібералізацыю цэн, умацаванне права прыватнай уласнасці, распрацоўку стратэгіі рэструктурызацыі і прыватызацыі дзяржпрадпрыемстваў і ўвядзенне адрасных сацыяльных дапамог, а таксама дапамог па беспрацоўі для абароны найбольш уразных слаёў насельніцтва.
"Для забеспячэння ўстойлівага росту аб`ёмаў вытворчасці і даходаў, а таксама стабільнага павышэння ўзроўню жыцця, акрамя мер макраэканамічнай палітыкі вельмі неабходныя глыбокія структурныя рэформы. Неадкладнасць такіх рэформ хутка нарастае ў сувязі з нядаўнім уваходжаннем Расіі ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, што павышае міжнародную канкурэнцыю для беларускіх прадпрыемстваў, а таксама ў сувязі з узмацненнем міграцыі кваліфікаванай працоўнай сілы за межы Беларусі. Для пераадолення гэтых з`яў патрабуецца значнае і ўстойлівае павышэнне прадукцыйнасці працы і канкурэнтаздольнасці", — заявіў Хофман.
Некалькімі гадзінамі раней на сустрэчы з кіраўніком місіі МВФ прэм`ер-міністр Міхаіл Мясніковіч заявіў, што Беларусь разлічвае на новую праграму супрацоўніцтва з фондам.
"Мы мяркуем, што Беларусь з улікам вялікай праведзенай працы можа разлічваць на праграму з фондам, — сказаў прэм`ер. — І я думаю, што гэта будзе даведзена да выканаўчых дырэктараў і да палітычнага кіраўніцтва фонду".
Мясніковіч адзначыў, што, мяркуючы па аб`ёме матэрыялаў, пададзеных місіяй да сустрэчы ва ўрадзе, на працягу 11 дзён яна дастаткова эфектыўна працавала ў Беларусі. Паводле слоў прэм`ера, ён у прынцыпе падтрымлівае высновы місіі. Аднак "па некаторых пазіцыях", выказаў меркаванне Мясніковіч, у экспертаў, магчыма, не было дастаткова інфармацыі. "І ў гэтай сітуацыі высновы назіраюцца не зусім аб`ектыўныя", — сказаў кіраўнік урада.
"Я думаю, вам дадзена магчымасць пераканацца ў тым, што ўрад з Нацыянальным банкам паслядоўна забяспечвалі стабілізацыю эканомікі", — заявіў Мясніковіч. Гэта, паводле яго слоў, у нейкай ступені адпавядае тым рэкамендацыям, якія былі пададзены папярэдняй місіяй.
У першую чаргу, адзначыў прэм`ер, удалося стабілізаваць сітуацыю на валютным і спажывецкім рынках. "Мы выйшлі на бездэфіцытны бюджэт, забяспечваем рост золатавалютных рэзерваў. Пры гэтым поўнасцю забяспечваем абслугоўванне знешняга доўгу і планавыя бюджэтныя прызначэнні. Калі паглядзець на сальда нашага знешнегандлёвага балансу, яно таксама станоўчае, і нават калі выкарыстоўваць методыку розных рахункаў, розных падыходаў, то мы дастаткова паспяхова прадаем на экспарт прадукцыю вытворча-тэхнічнага прызначэння і сельскай гаспадаркі", — заявіў Мясніковіч.
"Чаму мы гаворым аб неабходнасці нарошчвання экспарту як аб прыярытэце? За гэтым ідзе і макраэканамічная стабілізацыя. Мы, як прафесіяналы, разумеем гэта вельмі добра", — падкрэсліў кіраўнік урада. Пры гэтым ён дадаў, што тэмпы інфляцыі, вядома, не задавольваюць беларускі бок, але яны знаходзяцца ў межах прагнозу. "Таму нам хацелася б, каб у заключных дакументах місіі МВФ былі адлюстраваны гэтыя і іншыя моманты", — рэзюмаваў Мясніковіч.
Беларусь ужо супрацоўнічала з МВФ па праграме stand-by, у рамках якой са студзеня 2009 года па красавік 2010 года атрымала ад фонду крэдыт у 3,6 млрд. долараў. Беларускі бок неаднаразова заяўляў пра зацікаўленасць у рэалізацыі новай праграмы з МВФ.
Аляксей Арэшка, БелаПАН
Мінск, 29 кастрычніка 2012