https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 






Найти
 
 


МАГАТЭ гатова працаваць з Беларуссю па ўсіх аспектах, звязаных з ядзернай энергетычнай праграмай


Пра гэта заявіў 5 кастрычніка ў Мінску намеснік генеральнага дырэктара Міжнароднага агенцтва па атамнай энергетыцы Аляксандр Бычкоў на сустрэчы з намеснікам прэм`ер-міністра Беларусі Анатолем Тозікам, паведаміла прэс-служба ўрада.
Намеснік генеральнага дырэктара падкрэсліў, што Беларусь выкарыстоўвае ўсе падыходы МАГАТЭ, а агенцтва, у сваю чаргу, стараецца распаўсюджваць добрую практыку краін, дасведчаных у плане развіцця атамнай энергетыкі, каб краіны-пачаткоўцы маглі пазбегнуць памылак. "Спадзяемся, што Беларусь працягне планамерна рухацца да ўкаранення ядзернай энергетыкі ў рэспубліцы", — сказаў ён.

Мэтай сённяшняй сустрэчы стала прэзентацыя беларускаму ўраду заключнай справаздачы па інтэгральнай місіі, якая ў чэрвені вывучала інфраструктуру рэспублікі, неабходную для рэалізацыі праекта па будаўніцтве АЭС. "Ёсць такая форма ўзаемадзеяння з краінамі-ўдзельніцамі, калі мы праводзім экспертную ацэнку, наколькі гатовая інфраструктура краіны для будаўніцтва першай атамнай электрастанцыі. У нас ёсць буйны ўсеабдымны пакет падтрымкі краін-пачаткоўцаў у развіцці атамнай энергетыкі, да якіх адносіцца і Беларусь", — растлумачыў Бычкоў.

У справаздачы, якую прадставіў намеснік генеральнага дырэктара МАГАТЭ, адлюстраваны дзеянні Беларусі, а таксама высновы агенцтва і рэкамендацыі па плане дзеянняў на найбліжэйшы час. "Ёсць шэраг досыць важных і карысных станоўчых прыкладаў, — адзначыў Бычкоў. — Мы бачым, што ў Беларусі вельмі добра пастаўлена сістэма радыяцыйнага кантролю, ёсць добры вопыт узаемадзеяння з суседнімі краінамі". У Беларусі створана вельмі добрая пірамідальная структура, з прамой справаздачнасцю прэм`ер-міністру. "Гэта вельмі важна для выканання першай нацыянальнай ядзернай праграмы", — дадаў прадстаўнік агенцтва. Паводле яго слоў, рэкамендацыі МАГАТЭ датычацца паляпшэння заканадаўчай базы, узмацнення рэгулюючага органа, паляпшэння ўзаемадзеяння паміж рэгулюючым органам і арганізацыямі тэхнічнай падтрымкі.

Сёння Беларусь зрабіла вельмі шмат у межах рэалізацыі праекта па развіцці ядзернай энергетыкі ў краіне, канстатаваў Бычкоў. "Я лічу, што Беларусь можна аднесці да перадавых краін-пачаткоўцаў, таму што акрамя інфраструктуры рэспубліка выкарыстоўвала два іншыя падыходы, якія рэкамендаваны МАГАТЭ для падрыхтоўкі нацыянальных ядзерных праграм. З 2007 па 2010 год выконвалася даследаванне па метадалогіі энергетычнага планавання, для таго каб ацаніць перспектывы ўнутранага развіцця энергетыкі. Акрамя таго, Беларусь з нашай падтрымкай выканала досыць складанае даследаванне для ацэнкі поўнай ядзернай сістэмы з далёкай стратэгіяй. Атрымліваецца, ёсць і энергетычнае планаванне, і стратэгічнае бачанне", — сказаў прадстаўнік МАГАТЭ.

У сваю чаргу Тозік звярнуў увагу "на канструктыўнасць, давернасць, адказнасць супрацоўніцтва Беларусі і МАГАТЭ". "Праект будаўніцтва АЭС мае асаблівае значэнне для краіны, — падкрэсліў ён. — Улічваючы чарнобыльскі фактар, пытанні бяспекі і высокія патрабаванні да выканання тэхналогій з`яўляюцца абсалютным прыярытэтам пры рэалізацыі гэтага праекта".

Намеснік прэм`ер-міністра адзначыў, што створана неабходная база дакументаў для ўзвядзення ў Беларусі атамнай станцыі. "Мы вельмі ўдзячныя за тое, што ўжо зроблена МАГАТЭ ў падтрымку Беларусі ў рэалізацыі гэтага праекта", — сказаў ён. Тозік падкрэсліў, што беларускі бок і ў далейшым будзе "архіўважліва прыслухоўвацца да ўсіх рэкамендацый агенцтва". Так, прадугледжана падрыхтаваць план па выкананні рэкамендацый і прапаноў місіі МАГАТЭ, адлюстраваных у прадстаўленай сёння справаздачы.

Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 5 кастрычніка 2012
 
Дата публикации:05.10.2012
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:2411
 
Ключевые слова:
Ядерная энергетика Белорусская АЭС
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме