Як паведаміла прэс-служба Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі, цяпер цэнтр разглядае магчымасць падрыхтоўкі беларуска-літоўскага праекта ў рамках адной з еўрапейскіх праграм, а таксама збіраецца правесці вывучэнне інавацыйных сістэм і аналіз заканадаўства ў сферы навукова-тэхнічнай дзейнасці Беларусі і Літвы.
Беларуска-літоўскі інавацыйны цэнтр выступіў арганізатарам і каардынатарам правядзення беларуска-літоўскай сесіі "Міжнароднае партнёрства як інструмент эфектыўнай камерцыялізацыі навуковых прадуктаў" у верасні 2012 года ў рамках XVII міжнароднай канферэнцыі Baltic Dynamics 2012. Канферэнцыя штогод арганізуецца па ініцыятыве балтыйскіх краін, яе асноўная задача — заахвочванне міжнароднага супрацоўніцтва ў галіне інавацый, падтрымка малога і сярэдняга прадпрымальніцтва і трансфер тэхналогій.
Асноўнымі тэмамі канферэнцыі былі заяўлены грамадская падтрымка прадпрымальніцтва; роля прадпрымальніцтва ў інавацыйнай сістэме; роля няўрадавых арганізацый у тэхналагічным развіцці; інавацыі і перадача ведаў; ад навуковых даследаванняў да рынку — міжнароднае супрацоўніцтва; адкрытыя інавацыі.
Беларуска-літоўскі інавацыйны цэнтр створаны ў снежні 2011 года на аснове дагавора аб супрацоўніцтве паміж Беларускім інавацыйным фондам і Навуковым паркам Каўнаскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Для дасягнення мэтаў і задач цэнтра створаны беларускае і літоўскае аддзяленні. Функцыі беларускага аддзялення цэнтра ўскладаюцца на Беларускі інавацыйны фонд, літоўскага — на Навуковы парк Каўнаскага тэхналагічнага ўніверсітэта. Згодна з палажэннем аб цэнтры, у складзе беларускага і літоўскага аддзяленняў могуць функцыянаваць рэгіянальныя аддзяленні зацікаўленых удзельнікаў. З беларускага боку такім прадстаўніком стаў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Я.Купалы.
Марына Носава, БелаПАН
Мінск, 2 кастрычніка 2012