Шлях да 130 мільярдаў еўра адкрыўся. Можа, яшчэ і 100 мільярдаў даўгоў спішуць. Але не ўсё так проста: адказ павінны даць яшчэ Еўракамісія, Еўрацэнтрабанк і МВФ.
Таму зараз Грэцыя "здранцвела" ў чаканні, калі гэта можна так назваць — пратэсты з боку грамадзян працягваюцца. Аднак сама еўразона не ў лепшым стане. Пасля таго, як рэйтынгавае агенцтва Mооdу`s заявіла аб магчымасці зніжэння рэйтынгаў 114 еўрапейскіх банкаў (сярод якіх нават нямецкія і швейцарскія), курс еўра на біржах апусціўся зноў ніжэй за 1,3 долара — да 1,29.
Карацей, пакуль нічога не змяняецца і выйсця з крызісу не бачна. А таму, напэўна, інвестары і сусветныя цэнтрабанкі будуць працягваць скупляць золата, каб прадухіліць свае рызыкі, як яны рабілі гэта ў 2011 годзе. Па звестках Сусветнай рады па золаце, летась попыт на золата ў свеце вырас да 4,067 тысячы тон. Дарэчы, вельмі значна вырас попыт на каштоўны метал у Кітаі.
У Беларусі ж адным з найважнейшых фінансавых пытанняў застаецца курс беларускага рубля. У чацвер намеснік старшыні праўлення Нацбанка Сяргей Дубкоў яшчэ раз запэўніў, што курс сёлета ў сярэднім не павінен перавысіць 9150 рублёў за долар. На гэтым жа тыдні нацыянальная валюта працягвала ўмацоўвацца. У выніку: долар патаннеў на 60 рублёў (мінус 0,7%) і цяпер каштуе 8270, еўра — на 180 (мінус 1,6%) і яго цана — 10860, расійскі рубель — на 3 (мінус 1%) і мае кошт у 276 беларускіх рублёў.
Уладзіслаў Кулецкі
Звязда, 18 лютага 2012