Рэальны сектар беларускай эканомікі паспяхова адаптаваўся да заходніх санкцый, заявіў намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Ярашэвіч.
Паводле ацэнкі прадстаўніка ведамства, "за студзень – жнівень тэмп росту эканомікі складзе 95,3%, што на 0,5 працэнтнага пункта лепш за ліпеньскія вынікі".
Раней стала вядома, што валавы ўнутраны прадукт Беларусі за студзень – ліпень гэтага года скараціўся на 5,2%. Такім чынам айчынная эканоміка скарачаецца ўжо 8 месяцаў запар.
Дзмітрый Ярашэвіч лічыць, што запаволенне тэмпаў падзення беларускай эканомікі абумоўлена добрым ураджаем, што прыводзіць да павелічэння аб’ёмаў вытворчасці.
"Мы значна прыбавілі па збожжавых – у 1,2 раза, рапсу, мясе птушкі, малаку і іншых таварах. Гэта стане вялікім укладам у нашу харчовую бяспеку і ўмацуе экспартны патэнцыял", - упэўнены намеснік міністра.
Пры гэтым ён выказаў меркаванне, што нягледзячы на знешні націск "атрымоўваецца не дапускаць адмоўнай дынамікі ў іншых сектарах эканомікі – усе ключавыя галіны, паводле нашых ацэнак, спрацуюць прыкладна на ўзроўні студзеня – ліпеня".
Пасля чаго дадаў, што ўсё гэта ў сукупнасці сведчыць аб паспяховай адаптацыі рэальнага сектара эканомікі да ўвядзення санкцый заходнімі краінамі.
"Далейшае ўвасабленне ў жыццё комплекснага плана падтрымкі дапаможа эканоміцы захаваць аднаўленчую дынаміку", – падсумаваў Дзмітрый Ярашэвіч.
У сваю чаргу падчас візіту на Рагачоўскі МКК Раман Галоўчанка адзначыў, што нягледзячы на скарачэнне ВУП нельга казаць аб рэцэсіі ў беларускай эканоміцы.