Еўрасаюз гатовы выдзеліць Беларусі да 9 мільярдаў долараў на правядзенне рэформ у выпадку выканання пэўных умоў: вызваленне і рэабілітацыя палітзняволеных, дыялог з апазіцыяй і правядзенне свабодных выбараў
Дональд Туск удакладніў, што гэты пакет дапамогі быў узгоднены падчас цяперашняга саміта. "Гэты пакет павінен ахопліваць дыяпазон новых інструментаў дапамогі, якія маглі б падштурхнуць як беларускі народ, так і ўлады Беларусі на правядзенне рэформ", — сказаў Туск.
Паводле слоў польскага прэм`ера, сродкі на правядзенне рэформ у Беларусі могуць паступаць з розных крыніц, у тым ліку праз праграмы Еўрапейскага банка рэканструкцыі і развіцця.
Акрамя таго, паведаміў Туск, пакет дапамогі прадугледжвае палягчэнне візавых працэдур для беларускіх грамадзян.
Прэм`ер-міністр Польшчы падкрэсліў: упершыню ўзнікла сітуацыя, калі ЕС "салідарна і рашуча ставіць умовы для рэальнай дапамогі і зменаў у Беларусі". "І гэта не нейкія радыкальныя ўмовы, гэта той мінімум, без якога нават размаўляць няма пра што", — заявіў Туск.
Ён нагадаў, што ў Беларусі цяпер вельмі няпростая фінансава-эканамічная сітуацыя. "А ў межах працягу міжнароднага фінансавага крызісу няма надзеі, што Беларусь хутка пераадолее ўнутраныя праблемы, і міжнародная дапамога з`яўляецца неабходнай. Але яна можа быць адрасаваная толькі краіне, у якой ёсць воля да павагі правоў чалавека", — падкрэсліў польскі прэм`ер.
Такая пазіцыя ЕС, паводле слоў Туска, прагучала 29 верасня на яго і прэзідэнта Савета ЕС Хермана ван Рампёя сустрэчы з дэлегацыяй беларускай апазіцыі. "Мы таксама перадалі гэты адназначны сігнал уладам Беларусі", — дадаў ён.
У сваю чаргу Рампёй падкрэсліў: Еўрасаюз застаецца "прыхільнікам дэмакратычнай Беларусі, у якой ёсць сваё дастойнае месца ў Еўропе". "Але мы не можам аднавіць сваё супрацоўніцтва з Беларуссю без выканання ёю правоў чалавека, а гэта азначае ў першую чаргу вызваленне ўсіх палітзняволеных і пачатак дыялогу з апанентамі", — заявіў Рампёй.
Прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу на прэс-канферэнцыі паведаміў, што краіны ЕС хацелі ўзгадаць сітуацыю ў Беларусі ў выніковай сумеснай дэкларацыі саміта, але "з-за некаторых прычын гэта сталася немагчымым".
"Але, нягледзячы на некалькі розныя погляды (краін ЕС і краін Усходняга партнёрства. — БелаПАН.), у нас ва ўсіх адна мэта — дэмакратычная свабодная Беларусь, якая цесна супрацоўнічае з усімі еўрапейскімі партнёрамі", — заявіў Барозу.
Як раней паведамляў БелаПАН, дэкларацыя, якая крытыкуе сітуацыю ў Беларусі, была прынятая на саміце ад імя прадстаўнікоў Еўрасаюза. У ёй выказваецца заклапочанасць пагаршэннем сітуацыі з правамі чалавека, дэмакратыяй і вяршэнствам закона, а таксама працягам парушэнняў свабоды слова ў Беларусі.
Краіны ЕС заклікалі афіцыйны Мінск неадкладна вызваліць і рэабілітаваць усіх палітзняволеных, спыніць рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасці і незалежных СМІ, пачаць палітычны дыялог з апазіцыяй. Паглыбленне адносін ЕС з Беларуссю залежыць ад прагрэсу ў сферы дэмакратыі, вяршэнства закона і правоў чалавека, падкрэслена ў дэкларацыі.
Першапачаткова планавалася, што параграф, які крытыкуе Беларусь, будзе ўключаны ў выніковую дэкларацыю саміта, аднак супраць гэтага выступілі прадстаўнікі ўсіх краін-удзельніц Усходняга партнёрства — Азербайджана, Арменіі, Грузіі, Малдовы і Украіны.
Нагадаем, афіцыйны Мінск адмовіўся ад удзелу ў саміце пасля таго, як кіраўнік беларускай дэлегацыі, пасол у Польшчы Віктар Гайсёнак, не быў запрошаны на нефармальную вячэру ўдзельнікаў саміта 29 верасня.
Сёння раніцай МЗС Беларусі выступіла з заявай, у якой гаварылася: "Напярэдадні саміта яго арганізатары пайшлі на беспрэцэдэнтныя дыскрымінацыйныя меры ў дачыненні да Беларусі. Яны адмовіліся накіраваць запрашэнне кіраўніку беларускай дзяржавы. <…> У гэтых умовах удзел у саміце становіцца немагчымым — партнёрства не можа быць заснаванае на дыскрымінацыі. Сваімі дзеяннямі арганізатары саміта робяць шкоду дзеяздольнасці гэтай рэгіянальнай ініцыятывы і нясуць за гэта адказнасць".
Саміт Усходняга партнёрства праходзіў 29—30 верасня. Чатыры краіны — удзельніцы гэтай праграмы ЕС — Арменія, Азербайджан, Грузія і Украіна — былі прадстаўленыя на ім на ўзроўні прэзідэнтаў. Ад Малдовы ў Варшаву прыбыў прэм`ер-міністр. Ад Беларусі на саміт быў запрошаны міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў, але беларускі бок вырашыў памяняць яго на пасла Гайсёнка.
Таццяна Каравянкова, Антон Тарас, БелаПАН
Варшава, 30 верасня 2011