Удзельнікамі саміта будуць прэзідэнт Еўракамісіі Жазэ Мануэль Барозу, вярхоўны прадстаўнік ЕС Кэтрын Эштан, еўракамісар па пытаннях знешняй палітыкі і палітыкі суседства Штэфан Фюле, прэзідэнт Еўрапарламента Ежы Бузек, прэм`ер-міністр Польшчы Дональд Туск і іншыя высокія прадстаўнікі 30-ці краін ЕС.
Як вынікае з паведамлення, распаўсюджанага напярэдадні афіцыйным Бруселем, на саміце плануецца абмеркаваць прагрэс, дасягнуты ў межах Усходняга партнёрства за апошнія гады. Саміт таксама павінен прыняць рашэнне "адносна наступных крокаў для гарантавання працягу працэсу па паглыбленні палітычнай асацыяцыі і эканамічнай інтэграцыі з ЕС" . Асноўнымі тэмамі двухдзённай сустрэчы будуць прагрэс у адносінах да зоны свабоднага гандлю, паглыбленне эканамічнага супрацоўніцтва, у прыватнасці, у сферы транспарту, энергетыкі і сельскай гаспадаркі. Падчас саміта будзе адзначана прызнанне еўрапейскіх памкненняў і еўрапейскага выбару краін-удзельніц "Усходняга партнёрства".
Чатыры краіны, што ўваходзяць у праграму ЕС "Усходняе партнёрства", будуць прадстаўлены на саміце на ўзроўні прэзідэнтаў — гэта Арменія, Азербайджан, Грузія і Украіна. Малдову ў Варшаве прадставіць прэм`ер-міністр Уладзімір Філат.
Ад Беларусі на саміт запрашаўся міністр замежных спраў Сяргей Мартынаў. Аднак 28 верасня МЗС Беларусі паведаміў, што дэлегацыю на саміце ўзначаліць пасол у Польшчы Віктар Гайсёнак. Запланавана яго выступленне на пленарным пасяджэнні саміта з ацэнкай вынікаў і перспектыў супрацоўніцтва ў межах Усходняга партнёрства.
Вечарам у сераду прэс-сакратар МЗС Беларусі Андрэй Савіных таксама заявіў: беларускі бок пакідае за сабой права наогул адмовіцца ад удзелу ў саміце Усходняга партнёрства ў Варшаве, калі статус і фармат удзелу пасла Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка як кіраўніка беларускай дэлегацыі будуць нейкім чынам абмежаваныя.
"Мы звярнулі ўвагу на публікацыю польскага агенцтва друку са спасылкай на словы прэс-сакратара МЗС Польшчы аб намеры вызначыць форму ўдзелу беларускай дэлегацыі ў саміце Усходняга партнёрства, — сказаў Савіных у інтэрв`ю дзяржаўнаму агенцтву БелТА. — У сувязі з гэтым лічым неабходным заявіць, што любая дзяржава — удзельнік партнёрства валодае суверэнным правам самастойна вызначаць узровень і персанальны склад удзелу на мерапрыемствах Усходняга партнёрства".
"Беларускі бок належным чынам прызначыў сваім прадстаўніком на саміт у Варшаве надзвычайнага і паўнамоцнага пасла Беларусі ў Польшчы Віктара Гайсёнка. З юрыдычнага пункту гледжання ўсе дакументы саміта, прынятыя без згоды кіраўніка беларускай дэлегацыі, не будуць легітымныя", — дадаў прэс-сакратар.
Чакаецца, што ўдзельнікі саміта абмяркуюць сітуацыю ў Беларусі. Як заявіла 27 верасня на сустрэчы з групай журналістаў у Бруселі Мая Качыянчыч — прэс-сакратар вярхоўнага прадстаўніка ЕС па замежных справах і палітыцы бяспекі Кэтрын Эштан, пасланне, якое прадстаўнікі ЕС перададуць на саміце прадстаўнікам Беларусі, можа складацца з дзвюх частак.
"З аднаго боку, гэта будзе яны заклік у адпаведнасці з тым, што мы заяўлялі раней. З другога боку, мы скажам: вось дзе мы можам працаваць з вамі, калі вы вырашыце паважаць прынцыпы ЕС і асноўныя правілы, што тычацца нашага супрацоўніцтва", — сказала Качыянчыч.
Яна нагадала, што ЕС неаднаразова заклікаў Беларусь не толькі да вызвалення, але і да рэабілітацыі ўсіх палітзняволеных. "І хоць мы ўбачылі некаторыя крокі ў гэтым кірунку, гэта ўсё яшчэ не тое, да чаго мы заклікалі і чаго дабіваліся. Гэты заклік па-ранейшаму мае вялікую сілу", — падкрэсліла прэс-сакратар.
Яна нагадала, што ЕС дастаткова ясна заявіў пра ўмацаванне супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю ў Беларусі і ўвасабляе гэтую заяву на практыцы. "Адмоўныя меры, абмежавальныя меры, да якіх мы звярнуліся пасля прайшоўшых з парушэннямі выбараў у снежні, насамрэч скіраваныя не на насельніцтва, а, хутчэй, на палітычную эліту, адказную за парушэнні", — падкрэсліла прэс-сакратар.
"Адно з пытанняў, якія мы таксама ўзнялі і на якое, я лічу, беларускаму боку па-ранейшаму неабходна адказаць, — гэта візавы дыялог, і гэтае пытанне даволі канкрэтнае", — заявіла Качыянчыч.
Паводле яе слоў, тое, што адбылося ў Беларусі падчас прайшоўшых, на яе думку, з парушэннямі снежаньскіх прэзідэнцкіх выбараў "выклікала вялікую занепакоенасць і абурэнне ў краінах Еўрасаюза" і накіравала ўзаемаадносіны паміж ЕС і Беларуссю "ў іншы бок".
З шасці краін Усходняга партнёрства Беларусь найменш уцягнута ў гэту праграму і мае найменшую колькасць пераваг ад удзелу ў ёй, зазначыла Качыянчыч.
Яна заявіла, што ў адпаведнасці з еўрапейскай палітыкай суседства краіны, у якіх назіраецца прагрэс, атрымліваюць намнога больш фінансавай падтрымкі ад Еўрасаюза, і таму ўсходнім суседзям ЕС "трэба сур`ёзна ставіцца да рэформ, стрымліваць абяцанні і выконваць іх на практыцы".
Анастасія Янушэўская, БелаПАН
Мінск, 29 верасня 2011