https://www.kurs.kz/ - Курсы валют в обменных пунктах г. Алматы и других городах Казахстана
 


 





Найти
 
 


Ігар Сечын: Запланаванае абмежаванне паставак электраэнергіі ў Беларусь не мае палітычнай падаплёкі


Урад Расіі чакае, што Мінск пагасіць запазычанасць за спажытую электраэнергію ў хуткім часе і яе пастаўкі ў краіну будуць ажыццяўляцца ў нармальным рэжыме. Пра гэта заявіў журналістам у Маскве 28 чэрвеня віцэ-прэм`ер РФ Ігар Сечын.
Ён зазначыў, што доўг Беларусі за пастаўкі электраэнергіі ў сакавіку—маі складае каля 1,2 млрд. расійскіх рублёў, і за чэрвень можа ўзрасці яшчэ на 400 млн. рублёў.

Сечын таксама паведаміў, што паводле звестак на 24 чэрвеня Беларусь пералічыла кампаніі "Інтэр РАО ЕЭС", якая ажыццяўляе энергапастаўкі, каля 8 млн. рублёў, або 1,3% ад наяўнага доўгу.

"Разлічваем, што ў хуткім часе разлікі будуць праведзеныя і пастаўкі адновяцца", — цытуе Сечына РІА Новости.

Віцэ-прэм`ер падкрэсліў: абмежаванне паставак электраэнергіі ў Беларусь, якое плануецца, не мае палітычнай падаплёкі — размова ідзе пра ўзаемадзеянне энергетычных кампаній. Гэта "абсалютна рыначныя працэсы: электраэнергія павінна быць аплачаная", дадаў Сечын.

Ён заўважыў, што абмежаванне паставак электраэнергіі ў Беларусь не паўплывае на энергабяспеку Калінінградскай вобласці РФ, а таксама не адаб`ецца на энергазабеспячэнні беларускіх спажыўцоў.

Нагадаем, кампанія "Інтэр РАО ЕЭС" абвясціла, што ў ноч на 29 чэрвеня спыняе пастаўкі электраэнергіі ў Беларусь, таму што Мінск не аплаціў доўг ва ўстаноўлены час.

Праблемы з пастаўкамі ўзніклі ў пачатку месяца з-за крызісу на валютным рынку. "Белэнерга" сутыкнулася з праблемай канвертацыі валюты.

9 чэрвеня кампанія "Інтэр РАО" абмежавала пастаўкі з-за наяўнасці запазычанасці. З самага пачатку поўнае спыненне паставак у выпадку непагашэння доўгу планавалася на 22 чэрвеня, аднак затым было прынятае рашэнне перанесці яго на 27 чэрвеня.

Па выніках перамоў быў складзены і падпісаны графік плацяжоў, згодна з якім Мінск абавязаўся пагасіць запазычанасць за расійскую электраэнергію да 5 ліпеня. 13 чэрвеня пастаўкі ў Беларусь былі цалкам адноўленыя, а 15-га — "Белэнерга" пералічыла першы транш плацяжу па запазычанасці ў памеры 600 млн. расійскіх рублёў, доўг за сакавік.

23 чэрвеня прэм`ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч падчас візіту ў Санкт-Пецярбург заявіў: Беларусь поўнасцю разлічыцца за пастаўленую электраэнергію да 28 чэрвеня. Паводле яго слоў, "у прынцыпе, у Беларусі дастаткова магутнасцяў, каб забяспечыць унутраны рынак у электраэнергіі поўнасцю, нават з лішкам", аднак некаторыя энергетычныя магутнасці ў Беларусі "не вельмі эфектыўныя".

Аднак грошы ў Маскву не паступілі дагэтуль.

Афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі сітуацыю не каментуюць.

Дзеянні "Інтэр РАО ЕЭС" выклікалі  абурэнне расійскіх камуністаў, якія заявілі аб палітычнай падаплёцы інцыдэнту.

Дэпутат парламенцкай фракцыі КПРФ Анатоль Локаць запатрабаваў сёння ад Дзярждумы спыніць палітычны і эканамічны шантаж Беларусі "ў інтарэсах расійскіх алігархаў і заходніх краін, якія патрабуюць сёння абясцэньвання прадпрыемстваў уласнасці Беларусі, правядзення прыватызацыі і згортвання ўсіх сацыяльных праграм".

БелаПАН
Мінск, 28 чэрвеня 2011
 
Дата публикации:28.06.2011
Тематика:Бизнес, Экономика
Просмотров:2872
 
Ключевые слова:
Электроэнергия Беларусь-Росссия
 
 


Комментарии



 



Другие новости по этой теме